Заакіянскі вырай: ці варта не вяртацца з Амерыкі?

З верасня па лістапад 2010 года Марыя Мартысевіч знаходзілася ў ЗША па запрашэнні Дзярждэпартамента як удзельніца Міжнароднай пісьменніцкай праграмы Універсітэта Аявы (горад Аява-Сіці, штат Аява). Праграма ўключала супрацу з літаратарамі больш чым 30-ці краін свету, а таксама з дзеячамі амерыканскай культуры і адукацыі, і дала магчымасць павандраваць па ўсёй краіне. Пра яе ўражанні ад паездкі чытайце ў «НЧ».

З верасня па лістапад 2010 года Марыя Мартысевіч знаходзілася ў ЗША па запрашэнні Дзярждэпартамента як удзельніца Міжнароднай пісьменніцкай праграмы Універсітэта Аявы (горад Аява-Сіці, штат Аява). Праграма ўключала супрацу з літаратарамі больш чым 30-ці краін свету, а таксама з дзеячамі амерыканскай культуры і адукацыі, і дала магчымасць павандраваць па ўсёй краіне. Пра яе ўражанні ад паездкі чытайце ў «НЧ».
Маленькія дзеці не думаюць пра смерць, але дасканала абазнаныя ў параметрах раю. Калі мне было адзінаццаць, мой дзіцячы рай меў выгляд вялікага кінатэатра, дзе зранку да вечара круцілі дыснееўскія фільмы, раздаючы гледачам кока-колу, бананы, чыпсы і смачныя шакаладныя батончыкі «Марс», «Снікерс», «Твікс». Толькі ў такіх умовах я — тыповы дзіцёнак дзевяностых — магла б сцвярджаць: я абсалютна шчаслівая.
І калі некалькі месяцаў таму я ўпершыню ў жыцці трапіла на борт трансатлантычнага авіялайнера, салон якога памерамі і будовай да болю нагадваў залу мінскага кінатэатра «Беларусь», я злёгку запанікавала. Асабліва калі на экранчыках перад намі сталі паказваць рознае кіно, сцюардэсы пачалі разліваць напоі і раздаваць пасажырам іх законны снэк — чыпсы і снікерсы. Трэба яшчэ дадаць, што самалёт авіякампаніі «Юнайтэд» накіроўваўся ў Злучаныя Штаты Амерыкі.
Менавіта тады ў мяне ўзнікла адчуванне, якое так і не развеялася за тры месяцы знаходжання ў ЗША: Амерыка — гэта беларускі рай дзевяностых.
І тым больш напрыканцы 2010-х мне здаваліся дзіўнымі абставіны, пры якіх мне даводзілася ад’язджаць на маю кароткую стажыроўку.
«Што вы пакідаць у Беларусь?»
Па-першае, я, у парадку выключэння, была адзінай грамадзянкай Беларусі ў веку да 60-ці гадоў, якой у той ліпеньскі дзень выдалі візу. Астатнія мае равеснікі змушаныя ездзіць па амерыканскія візы ў суседнія краіны, дзе ў праве на ўезд у ЗША ім найчасцей адмаўляюць. Адмаўляюць, як сцвярджаецца, тым, каго падазраюць у жаданні застацца. Але гэта спрацоўвае наадварот. Для большасці маіх равеснікаў з Беларусі, якім пашчасціла атрымаць візу ў ЗША, сам факт выдачы стаў дастатковай прычынай невяртання і згоды на нелегальны статус: другі раз не пусцяць.
Пенсіянераў у консульстве ў Мінску таксама падазравалі. «Якая рухомая і нерухомая маёмасць вы пакідаць у Беларусь?» Пераляканыя, што іх могуць не пусціць праведаць дзяцей і ўнукаў, тыя ліхаманкава казыралі «жыгулямі», кватэрамі, дачамі...
«Што я ім скажу? — з жахам цяміла я, — бо наўрад ці тут усур’ёз прымуць тое, што мяне сапраўды трымае ў Беларусі. Хутар!!! Ура: на мяне запісаны дзедавы хутар! Трэба толькі правільна сфармуляваць па-англійску: «гектар зямлі з фермерскімі пабудовамі...» Але маё запрашэнне апынулася надта аўтарытэтным, каб справа дайшла да такіх роспытаў.
Па-другое, калі стала вядома пра мой хуткі ад’езд, сябры папрасілі вярнуць пазыкі. Тон некаторых развітанняў нагадваў пахаванне жыўцом. Чорт, няўжо адтуль сапраўды ніхто-ніхто не вяртаецца?
У сувязі з гэтым я вырашыла: перад тым, як размаўляць пра культуру ды геаграфію ЗША ці лад жыцця амерыканцаў, неабходна і карысна адказаць грамадзянам краіны Беларусь на пытанне, якое іх насамрэч хвалюе: ці варта не вяртацца з Амерыкі?
«Свабода вядзе да таго, што няма свабоды»
Яшчэ задоўга да магчымасці пабачыць жыццё ў ЗША на ўласныя вочы, я заўважыла, што ўяўленні шараговага беларуса пра гэтую далёкую краіну фармуюцца дзвюма супярэчлівымі візуальнымі крыніцамі: масавым амерыканскім кінематографам і прапагандысцкімі ролікамі дзяржаўнага тэлебачання. Прычым візэрункі Амерыкі ў кожнай з іх розняцца настолькі, што шараговы беларус перакананы: адна з крыніцаў бязбожна хлусіць.
Насамрэч, як мне здаецца, хлусяць абедзве крыніцы, але кожная — па-боску. БТ не робіць нічога іншага, апроч перакладу вострасацыяльных ролікаў, датычных праблемаў амерыканскага грамадства, якіх (праблемаў і — адпаведна — ролікаў) нямала: дэградацыя чорнага насельніцтва ў трушчобах вялікіх гарадоў, недаступная медыцына, страляніна ў сярэдніх школах і перыядычныя экспартныя войны за нафту і справядлівасць. Але ўнутрыамерыканская крытыка ўласных заганаў, скіраваная на абуджэнне свядомасці сытага і ўсім задаволенага насельніцтва, аўтаматычна ператвараецца ў «Іх норавы», трапляючы ў БТшную сетку вяшчання.
Што тычыцца прадукцыі Галівуду, то , як ні сумна гэта гучыць, яе стваральнікам увогуле не да нас: нашае захапленне «амерыканскай марай» — пабочны эфект іх кінематографу. Мэта гэтага бізнесу, як правіла, — прадаць фільм, у якім сярэдняму амерыканцу пакажуць жыццё, прыўкраснейшае за яго штодзённасць. Героі там амаль абавязкова будуць прывабнымі і паспяховымі, горад — вялікім, свет — вышэйшым, гатэлі — пяцізоркавымі, машыны — дарагімі, а жыццё — бестурботным. Між тым, як паказвае досвед, дэкарацыі таго ж фільма «Тэрмінатар» — гэта і ёсць сапраўдная Амерыка.

Год таму я паглядзела камедыю «Зомбілэнд» рэжысёра  Рабэна Флейшэра. Фільм гэты прайшоў амаль незаўважаным, магчыма, праз спецыфіку жанру. «Гэта фантастычны фільм пра тое, што Амерыкі больш няма, бо амаль усе жыхары краіны ператварыліся ў зомбі», — пераказваю я сутнасць фільму двум амерыканскім пісьменнікам, якія яго не бачылі. «Чаму фантастычны? — смяюцца тыя. — Гэта чыстая праўда: амаль усе амерыканцы — зомбі».


Як ні дзіўна гучыць, менавіта беларусы, «замбаваныя» прапагандай БТ, — патэнцыйныя шчаслівыя грамадзяне заходняга свету. ЗША і сапраўды рай, калі ўсё, для чаго ты прыйшоў у на зямлю, — спажыванне. Бо нават у насельнікаў тых самых страшных трушчобаў з задавальненнем першасных патрэбаў чалавека ўсё ў парадку: ім хапае чаго есці, піць, яны (збольшага) маюць дзе спаць і размнажацца.
Цяжкасці пачынаюцца далей, калі падключаюцца другасныя патрэбы: адукацыя, падарожжы па свеце, статус у грамадстве, цікаўнасць чытаць кнігі і хадзіць у музеі ды мюзік-холы. І — самае страшнае — пошукі адказу на пытанне: «Для чаго я жыву?» Тады быццё амерыканцам выяўляецца не менш праблемным за быццё кімсьці іншым. «Амерыканская свабода — гэта брэнд, — дзеліцца сваімі бязрадаснымі назіраннямі мой сябар-амерыканец, — але ва ўмовах, калі большасць маіх суграмадзян не навучаная думаць, поўная свабода прыводзіць да таго, што няма ніякай свабоды. Зірні хаця б на ЗША з 2000-га па 2008 гады, калі мы двойчы выбралі прэзідэнтам малодшага Буша. Я, напрыклад, так і не зразумеў, чым ён адрозніваецца ад вашага Аляксандра Лукашэнкі».
Але рана біць у ладкі, сцвярджаючы, следам за кумірам тых жа дзевяностых расійскім сатырыкам Міхаілам Задорнавым, маўляў, «усе амерыканцы тупыя». Калі ты багаты амерыканец — гэта яшчэ не значыць, што ты —  амерыканец разумны. Гэта, здаецца, сусветны закон. Але ж, у адрозненне ад маёй радзімы, быць разумным і бедным у Амерыцы амаль немагчыма. Праўда і тое, што бедным здаравей быць у Беларусі.
«Фаст-фуд — адзіная радасць бедных»
Творы шматлікіх літаратур свету ўключаюць у сябе аповеды пра чароўнае ператварэнне людзей у свінняў. Пра гэта мы можам прачытаць у «Вандроўках Сіндбада-Марахода» і «Адысеі» Гамера. Такую метамарфозу суправаджае не толькі фізічнае атлусценне, але і маральнае падзенне: ежа — адзінае, пра што здатныя думаць свінні-пярэваратні. Гэтыя сюжэты мімаходзь лезуць у галаву, калі ўжывую бачыш хваравіта тлустых людзей на вуліцах амерыканскіх гарадоў. Асабліва шмат іх заўважаеш у Сэрцы Радзімы — «мілай сталіцы Вашынгтоне», куды з’язджаюцца турысты з усіх штатаў.
Першая лэдзі краіны падцягнутая і энергічная Мішэль Абама вызначыла атлусценне — і найперш атлусценне дзяцей — адной з галоўных праблем сучаснай Амерыкі. Беларускі сацыёлаг Алена Гапава, жыхарка ЗША з 10-гадовым стажам, з сумам зазначае: «Фаст-фуд — гэта, на жаль, адзіная радасць бедных амерыканцаў». Тых, якім не па кішэні якасныя прадукты, падарожжы, фітнэс. Адмысловай пародыяй на здаровы лад жыцця выглядаюць крамы, дзе прадаюць танную спартовую вопратку XXXXL памеру.
Але не ехаць у Амерыку толькі таму, што за паўгода цябе там абавязкова разнясе на дваццаць кілаграмаў, — бздуры: варта памятаць, што Сіндбад і Адысей не паддаліся чарам і ва ўсіх сэнсах засталіся людзьмі.
У ЗША сапраўды можна пабачыць шмат нездарова тлустых абывацеляў. Але стройных спартыўных амерыканцаў можна пабачыць значна болей. Асабліва на такіх людзей шчасціла мне: я збольшага вандравала па ўніверсітэцкіх гарадах. Адсутнасць грошай на здаровую ежу і вышэйшую адукацыю ў ЗША — рэчы ўзаемазвязаныя. У жоўтай прэсе часта з’яўляюцца кур’ёзныя зацемкі пра тое, што падчас рэканструкцыі амерыканскіх стадыёнаў месцаў на трыбунах меншае, бо павялічваюцца памеры крэслаў. Пра амерыканскія тэатры такой інфармацыі не паступае.
Але худы ты ці тоўсты, высокі ці нізкі, лысы ці валасаты, носіш акуляры ці не — навакольныя людзі не пададуць выгляду, што з табой «нешта не тое». На прылюднае абмеркаванне фізіялогіі тут негалоснае табу. У гэтым плане ў Амерыцы значна лягчэй існаваць не тое, што інвалідам-вазочнікам ці людзям з нетрадыцыйнай арыентацыяй, а і проста асобам з нестандартнай знешнасцю. За тры месяцы я (больш за 80 кг. вагі) ні разу не пачула пра сябе здзеклівае «карова» — ані ў грамадскім транспарце, ані ад п’янага пісьменніка на літаратурнай імпрэзе. У Амерыцы я пераканалася, што над палітычнымі ці эканамічнымі фактарамі эміграцыі з Беларусі дамінуе псіхалагічны фактар: беларусу, які хоць неяк вытыркаецца з пракрустава ложку грамадскіх уяўленняў пра норму, хочацца проста жыць у частцы свету, дзе «не такія, як усе» маюць рэальны шанец «людзьмі звацца».
«Амерыканскі запраўшчык шчаслівы тым, што мае»
«Дык вяртацца ці не?» — нецярпліва абарвяце мяне вы. Шчыра — у мяне няма адказу. Амерыка — прыязны і кранальны рэтра-рай майго дзяцінства — асабіста ў мяне жадання жыць у ім да скону не выклікала. І справа тут нават не ў дзедавым хутары. Але мы гаворым пра памкненні кожнага асобна ўзятага беларуса...
Калі, пераехаўшы жыць у ЗША, беларус будзе працаваць з такой якасцю і столькі, як гэтага вымагае ад яго сучасная беларуская сістэма, то ён мае 100-працэнтныя шанцы стаць амерыканцам бедным. І тоўстым. Перад канчатковым рашэннем эміграваць сярэдняму беларусу варта спытацца ў сябе, ці гатовы ён працаваць столькі, колькі працуе сярэдні амерыканец. Я гавару нават не пра 8 гадзін на суткі, а пра мінімум 12–14. Але ёсць і іншая праўда — калі нават беларус у Беларусі працуе столькі ж і гэтак жа якасна, як сярэдні амерыканец, ён усё адно заробіць менш.
А што да шчасця ў «амерыканскім раі», то яго галоўная спецыфіка — не ў лепшай якасці жыцця, а ў тваім стаўленні да ўсяго, што з табой адбываецца. Як трапна сфармуляваў мой польскі таварыш Мілаш: «Асноўная розніца паміж палякам і амерыканцам у тым, што паляк заўжды незадаволены тым, чым зарабляе ў дадзены момант. Запраўшчык скардзіцца на тое, як кепска быць запраўшчыкам, прэм’ер-міністр — на сваю пасаду прэм’ера. У той жа час амерыканскі запраўшчык шчаслівы тым, што мае, ідучы па жыцці з перакананнем, што ён робіць сваю працу».
 Думаю, гэтае назіранне працуе для ўсіх еўрапейскіх народаў, і пагатоў яно працуе для беларусаў. Амерыка як філасофія — гэта найперш пазітыўнае стаўленне да жыцця, а яно — унутры цябе і цалкам магчымае без самой Амерыкі навокал.
Працяг будзе