За «злосныя каментары» на адрас аднаго бабруйскага міліцыянта завялі шэсць крымінальных спраў
За абразу міліцыянта з Бабруйска распачата шэсць крымінальных спраў, паведамляе прэс-служба МУС.
Справы завялі на траіх жыхароў Бабруйска, магілёўца,
пенсіянерку з Клімавічаў і мінчука. Усе шасцёра грамадзян размясцілі ў
Інтэрнэце «злосныя каментары» на адрас участковага інспектара з УУС
Бабруйскага гарвыканкама.
МУС прыводзіць падрабязнасці ў дачыненні да некаторых фігурантаў крымінальных спраў.
Затрыманы мінчук прызнаны падазраваным па 13
крымінальных справах — ён пагражаў і абражаў работнікаў дзяржорганаў. Мужчыну
таксама прыцягвалі больш за 30 разоў да адміністрацыйнай адказнасці па лініі
ДАІ.
Яшчэ адзін затрыманы, магілёвец, раней ужо быў судзімы за
выказванні, якія зневажаюць гонар і годнасць гэтага самага ўчастковага з
Бабруйска.
Тады яму прызначылі два гады «хатняй хіміі» і абавязалі
выплаціць кампенсацыю за маральную шкоду. Раней магілёўца таксама прыцягвалі да
крымінальнай адказнасці за крадзеж і ўхіленне ад выплаты аліментаў.
Паводле «Еўрарадыё».