«За якія грошы людзі абуюць і апрануць дзяцей!» Улады прызналі праблему са збытам агуркоў у Альшанах

У сацыяльных сетках зʼявілася відэа, як жыхар агурочнай сталіцы Беларусі — аграгарадка Альшаны Столінскага раёну — цісне агуркі сваім мікрааўтобусам. Прычынай такіх паводзін аўтар відэа называе тое, што закупачная цана на агуркі ў Альшанах звалілася да 10 капеек за кілаграм. У выніку ён вырашыў вельмі эмацыйна расціснуць агуркі, над вырошчваннем якіх сам жа і працаваў. Відэа ўтрымлівае нецэнзурную лексіку, адзначае «Белсат».

20200605_ber_rynak_02_khar.jpg

Таксама ёсць відэа, як фура пераязджае адбракаваныя агуркі.

Як паведамляе «Першы Рэгіён», яшчэ пару тыдняў таму закупачныя цэны на агуркі ў Альшанах складалі 40 капеек. На рынку ў Брэсце цяпер у розніцу пакупнік можа набыць ад 1 да 1,5 рубля. Некаторыя альшанцы кажуць, што не жадаюць так абясцэньваць сваю працу.

Падзеі на відэа пракаментавалі і ў Альшанскім сельвыканкаме.

 «Нашы людзі настолькі паважаюць сваю працу, што такое ніколі не маглі б сабе дазволіць – ціснуць агуркі! Гэты ўкід у сетцы зрабіў чужы чалавек, які вырашыў хайпануць! Гэта быў фэйк!» — заявіла намесніца старшыні выканкаму Юлія Стрыбулевіч, піша БелТА.

Паводле яе, на відэа — адходы, якія збіраюцца і вывозяцца з рынку.

«Але праблемы са збытам ёсць, і не толькі агуркоў. У першую чаргу — паслёнавых, асабліва таматаў і баклажанаў, якія раней у асноўным вывозіліся суседзямі. У гэтым годзе Расія забараніла іх экспарт. Нашы кансервавыя заводы не могуць столькі перапрацаваць, колькі мы вырошчваем. За якія грошы людзі абуюць і апрануць дзяцей да школы, калі кошт кіло агуркоў — 10 капеек!» — кажа чыноўніца.

Яна таксама прапанавала дапамагчы выйсці на расійскі рынак і паменшыць імпарт агародніны з Турцыі, Украіны, Расіі, бо «свае падзець няма куды». Паводле Струбылевіч, у Альшанах больш за 4 тыс. асабістых падсобных гаспадарак, уладальнікі якіх у асноўным семʼі, дзе ад 7 да 12 дзяцей (ёсць і па 15).