Польскі прафесар: Новае беларускае пакаленне — фенаменальнае ўвасабленне еўрапейскасці
Польская этнолаг Ганна Энгелькінг упэўненая, што цяперашнія ідэі супраціву і жыцця ў Беларусі згенеравала беларуская вёска XX стагоддзя.
Прафесар Ганна Энгелькінг — этнолаг Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук у інтэрв'ю газеце «Белорусы и рынок» успомніла, якім чынам польская навуковая супольнасць дапамагала беларускім калегам і распаўсюджвала інфармацыю пра рэпрэсіі ў Беларусі.
«Адзін з лістоў быў напісаны навуковай радай Інстытуту
славістыкі польскай акадэміі навук у падтрымку студэнтаў, якія страйкавалі.
Таксама быў ліст Польскага аб’яднання этнолагаў. Гэта разышлося даволі шырока,
у Беларусі гэтыя лісты публікавала незалежная прэса. Апошнім актам
салідарнасці стала рэакцыя польскіх этнолагаў і антраполагаў на арышт антраполага
Ўладзіміра Шыпілы, маладога дактаранта Інстытуту гісторыіі Акадэміі навук
Беларусі, якога арыштавалі пасля аднаго з пратэстаў».
Таксама прафесар Энгелькінг апісала цяперашняе пакаленне
беларусаў, якое ўжо не жадае мірыцца з дыктатурай у сваёй краіне.
«Новае беларускае пакаленне — фенаменальнае ўвасабленне еўрапейскасці ў яе найбольш пазітыўным выглядзе, гэта значыць — дэмакратычная
адкрытасць, ініцыятыва, супольныя дзеянні дзеля паляпшэння цэлага
грамадзтва, адначасова — падтрымка роўнасці. Гэта найбольш пазітыўныя дэталі еўрапейскага праекту, якія добра засвоіла пакаленне новай Беларусі,
накіраванае ў Еўропу. А другі аспект: гэтае пакаленне — носьбіт традыцыйных
беларускіх каштоўнасцяў, якія арганічна гарманізуюцца з такой еўрапейскай ненацыяналістычнай
дэмакратычнай адкрытасцю».
Прафесар Энгелькінг дадала, што спрабуе дапамагаць
беларускім навукоўцам кансультацыямі па дакументах і ў бытавых справах.
Ментальны фенамен, які прафэсар назвала «калгаснікамі», не
павінен гучаць негатыўна. Ганна Энгелькінг убачыла ў беларускіх калгасніках, і
ўвогуле ў людзях, якія жывуць на вёсцы і знаходзяцца «пад ціскам калгаснай
негуманнай сістэмы», тыя вартасці, якія «не паддаліся гэтай сістэме».
Таксама польскі этнолаг заўважыла, што ўзровень рэпрэсій,
які зараз вытрымлівае беларускае грамадзтва, можна параўнаць толькі з узроўнем
рэпрэсій часоў фашысцкай акупацыі краіны. Яна перакананая, што ў Польшчы 80-х
такога беспрэцэдэнтнага ўзроўню рэпрэсій не было.
Ганна Энгелькінг — аўтарка даследавання «Kołchoźnicy»
(«Калгаснікі»), якое сталася вынікам больш чым дзесяцігадовых палявых
даследаванняў, праведзеных у вёсках на ўсходзе і захадзе Беларусі. У выніку
прафесар прадставіла антрапалагічны аналіз калектыўнай ідэнтычнасці беларускіх
сялян, які дае ўяўленне пра працяг развіцьця традыцыйных каштоўнасцяў
беларусаў, якія надалей захоўваюцца, нягледзячы на трагедыі XX стагоддзя —
калектывізацыю, войны, атэізацыю.
Ядро вобразу калгасніка, паводле Энгелькінг, — дбайны гаспадар, які рэалізаваў сябе дзякуючы працы на зямлі. Беларуская вёска, арыентаваная на ўзаемаадносіны чалавека і сусвету, захоўвае ўніверсальнае вымярэнне, нарадзіла сялянскую ненацыяналістычную ідэнтычнасць. Ідэямі, якія генеравала беларуская вёска XX стагоддзя, на думку навукоўца, шмат у чым кіруюцца сучасныя беларускiя падзеi.