З усіх мастацтваў важнейшым з’яўляецца…

З усіх мастацтваў для нас важнейшым з’яўляецца зусім не кіно. Для нас важнейшым з’яўляецца добрае акцёрскае майстэрства. А што такое акцёрскае майстэрства, як не ўменне напусціць пылу ў вочы? Вось і зараз, пасля візіту еўрапейскіх чыноўнікаў, якім пыл у вочы быў запушчаны, да нас завіталі сапраўдныя акцёры і рэжысёры.

Вы, канешне, будзеце смяяцца. Але гэта сапраўды так. Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы 9 лістапада ў Мінску з кінарэжысёрам Эмірам Кустурыцам прапанаваў яму супрацоўніцтва з беларускімі кінематаграфістамі.



09ba3f0df1447f40e98674ba9d62c747.jpg

З усіх мастацтваў для нас важнейшым з’яўляецца зусім не кіно. Для нас важнейшым з’яўляецца добрае акцёрскае майстэрства. А што такое акцёрскае майстэрства, як не ўменне напусціць пылу ў вочы? Вось і зараз, пасля візіту еўрапейскіх чыноўнікаў, якім пыл у вочы быў запушчаны, да нас завіталі сапраўдныя акцёры і рэжысёры.
Вы, канешне, будзеце смяяцца. Але гэта сапраўды так. Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы 9 лістапада ў Мінску з кінарэжысёрам Эмірам Кустурыцам прапанаваў яму супрацоўніцтва з беларускімі кінематаграфістамі.
«Калі вы захочаце зняць што-небудзь грунтоўнае, хай і не звязанае з Беларуссю, то мы палічым за гонар супрацоўніцтва з такім чалавекам», — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі людзям, якія робяць высокае мастацтва, гатовы дапамагаць і падтрымліваць іх. «А калі вы яшчэ і дзясятак нашых маладых кінарэжысёраў чаму-небудзь навучыце — проста будзеце героем нашай краіны», — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да вядомага рэжысёра.
Ад такіх словаў папросту можна выпасці ў поўны асадак. Што, Эмір Кустурыца не зняў у сваім жыцці нічога грунтоўнага і не можа абысціся без дапамогі «Беларусьфільма»? Ці яго запрашаюць зняць нейкую сагу пра Вялікую айчынную, каб паказаць, што і Кустурыца памятае пра беларускіх партызанаў?
А можа, сапраўды, Кустурыца нешта здыме, што канчаткова пазбавіць «Беларусьфільм» назвы «Партызанфільму»?
Кустурыца прыбыў у беларускую сталіцу ў якасці госця XVII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Лукашэнка ўручыў яму адну з галоўных узнагарод фестывалю — спецыяльны прыз прэзідэнта «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве». Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што ўручае гэту ўзнагароду як знак прызнання заслуг рэжысёра перад мастацтвам.
Спецыяльны прыз «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве» ўручаецца за асаблівыя дасягненні ў кінематаграфіі, за значны ўклад ва ўвасабленне гуманістычных і духоўна-маральных ідэалаў у кінематографе. У папярэднія гады прыз уручаўся Георгію Жжонаву, Міхаілу Пташуку, Клары Лучко, Алегу Янкоўскаму, Пятру Тадароўскаму, Уладзіміру Гасцюхіну, Эліне Быстрыцкай, Васілю Ланавому, Генадзю Гарбуку.
Карацей, гэты прыз атрымалі ўсе «масцітыя», хто знайшоў для сябе час наведаць «Лістапад». Так што Кустурыца апынуўся ў пачэснай кампаніі лаўрэатаў прэміі «За ўдзел у «Лістападзе».
Тым часам, у Беларусі разварочваецца сваё «кіно». Праверка дакладнасці подпісаў пацвердзіла пераадоленне 100-тысячнага бар’ера дзесяццю прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта.
Пра збор больш чым 100 тысяч подпісаў абвясцілі 11 прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Аднак большасць подпісаў, пададзеных у падтрымку вылучэння індывідуальнага прадпрымальніка з Віцебска Уладзіміра Правальскага, прызнаныя несапраўднымі тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі.
Такім чынам, па выніках праверкі сабраных подпісаў у прэзідэнцкай кампаніі працягваюць удзельнічаць: намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў; дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка; кіраўнік саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч; лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў; намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук; сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі; лідэр кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў; лідэр аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч; эканаміст Віктар Цярэшчанка; дырэктар ТДА «Трывіум» Дзмітрый Ус.
Паводле слоў сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, памылкі прысутнічалі ў падпісных лістах, здадзеных ініцыятыўнымі групамі ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. «Але па колькасці прызнаных несапраўднымі подпісаў нельга гаварыць пра якасць іх збору ініцыятыўнымі групамі. Калі подпісаў было здадзена шмат, то і правяралася іх больш, і наадварот», — сказаў сакратар ЦВК.
«Падыход да праверкі подпісаў цалкам грунтаваўся на патрабаваннях выбарчага заканадаўства, але характарызаваўся лібералізмам да прэтэндэнтаў. Любое сумненне трактавалася на яго карысць, — адзначыў Лазавік. — Можна сказаць, што праверка подпісаў характарызаваліся звышлібералізмам».
Вядома, што такі «звышлібералізм» улада праяўляе не без разліку. Зараз апазіцыйным прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта трэба чухаць патыліцу і вырашаць, на што дамаўляцца. На адзінага кандыдата? На адзіную стратэгію? На адзіны пратэст? І на чым можа ўвогуле дамовіцца.
Але найбольш парадаваў на тыдні дырэктар цэнтра акіянаграфіі «Адкрыты акіян» у Мінску Аляксей Азараў. Ён знайшоў «трапічнага малюска з беларускім менталітэтам». У Цэнтр акіянаграфіі нядаўна прыбылі два галаваногія малюскі — маленькі васьміног Афанасій і яго старшы эвалюцыйны субрат Наўтылус. Жывёліны былі прадстаўленыя журналістам 10 лістапада.
Як паведаміў дырэктар цэнтра Аляксей Азараў, малюскі будуць удзельнічаць у прадказанні вынікаў дзіцячага конкурсу «Еўрабачанне». «Мы паставім невялікі тэлевізар, каб васьміног і наўтылус маглі назіраць за конкурсам. Наўтылусы маюць вельмі слабы зрок, затое выдатна чуюць гукі. Васьміногі, наадварот, добра адрозніваюць колеры і нават маюць свае перавагі», — сказаў Азараў. Паводле яго слоў, малюскі не будуць прадказваць канкрэтнага пераможцу, а проста выберуць упадабаную песню. З тэлефона цэнтра ад іх імя будуць адпраўляцца смс-паведамленні. Сімпатыі малюскаў будуць вызначацца па іх рэакцыі.
Параўноўваючы Афоню з нямецкім васьміногам Паўлем, Азараў адзначыў, што Паўль — паўночны васьміног, вылаўлены ў халодных водах недалёка ад берагоў Францыі, Афоня ж — «трапічны малюск з беларускім менталітэтам».
Ну, «малюску з беларускім менталітэтам» наўрад ці варта прапаноўваць прадказаць вынікі беларускіх выбараў. Вынік будзе такі ж прадказальны, як і з Ярмошынай на чале ЦВК.