Вызваліўся з калоніі палітвязень Стэфан Лазавік. Ён адбыў увесь тэрмін пакарання

Сёння, 14 кастрычніка, на волю выйшаў 28-гадовы палітвязень Стэфан Лазавік. Крымінальная справа супраць яго першапачаткова была ўзбуджана па арт. 341 Крымінальнага кодэкса за нанясенне пратэстных надпісаў «Он проиграл и стал убивать. Скот, уходи!» на адным з прыпыначных пунктаў у Горках, паведамляе «Вясна».

photo_2021_10_14_12_45_41.jpg

Пад ціскам следчых Лазавік прызнаў датычнасць да нанясення гэтых надпісаў, але, калі ён адмовіўся на просьбу следчых яшчэ і запісаць відэа з пакаяннем у здзейсненым, пракуратура перакваліфікавала абвінавачанне на ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса («Злоснае хуліганства»).

26 лістапада Стэфана асудзілі да 1 года калоніі агульнага рэжыму.

Палітвязень быў назіральнікам падчас прэзідэнцкіх выбараў і актыўна ўдзельнічаў у поствыбарчых пратэсных акцыях. За кратамі Стэфан Лазавік знаходзіўся амаль 11 месяцаў. Сваё пакаранне ён адбываў у папраўчай калоніі №22 «Воўчыя норы».