Верш «Клеветникам России» знялі з бюста Пушкіна ў Магілёве
Як паведамілі карэспандэнту "Радыё Свабода" жыхары Магілёва, шыльда з радкамі з верша «Клеветникам России» дэмантаваная з бюста Аляксандра Пушкіна, які гораду прэзентаваў кубанскі фонд «Алея Расійскай Славы».
6 чэрвеня каля Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа адкрылі бюст рускага паэта Аляксандра Пушкіна. Гэтую скульптуру гораду падарыў фонд «Алея Расійскай Славы». На п’едэстале змешчаныя ўрыўкі з пушкінскіх вершаў «Клеветникам России» і «Я помню чудное мгновенье».
Кіраўнік праекту «Алея Расійскай Славы» Міхаіл Сердзюкоў сказаў Свабодзе, што не хацеў абразіць беларусаў вершам Пушкіна пра здушэнне паўстання 1830–1831 гадоў.
«Я шчыра проста не ведаў, да чаго гістарычна гэты верш прывязаны. Але ўвогуле я не раздзяляю рускіх, беларусаў і ўкраінцаў. Як звычайны рускі, я лічыў, што гэты верш — супраць ворагаў, якія ішлі на расейскую дзяржаву. Хто такія ворагі? На дадзеным этапе — гэта тыя, хто правакуе ў Луганску і Данецку. А больш шырока ворагі — гэта і Гітлер, і Напалеон».