Віталь Рымашэўскі: На практыцы сацыяльнай дзяржавы ў Беларусі даўно няма

Беларускія хрысціянскія дэмакраты выступаюць супраць скарачэння адпачынку па даглядзе за дзецьмі. Прапанова былога міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва і сустаршыні праўладнага “Беларускага саюзу жанчын” Антаніны Моравай па скарачэнні адпачынку па даглядзе за дзецьмі нанясе шкоду інтарэсам дзяржавы і зруйнуе сістэму падтрымкі маладых сем’яў.



1448880219_1446639957_rymasheuski1.jpg

Фота з сайта bchd.info

Хрысціянскія дэмакраты пачынаюць працу над альтэрнатыўнымі прапановамі, якія будуць прадугледжваць большую абарону жанчын, большую падтрымку маладых сем’яў і падтрымку жанчын, якія займаюцца даглядам за дзецьмі.

Трэба ліквідаваць нераўнапраўе, калі маладыя маці сутыкаюцца з рызыкай немагчымасці працягвання адукацыі і працы. Дзяржава мусіць распрацаваць шэраг мераў на іх падтрымку.

Сустаршыня "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" Віталь Рымашэўскіадзначыў, што прапановы па скарачэнні адпачынку па даглядзе за дзецьмі з боку дзяржаўных чыноўнікаў высокага рангу сведчаць, што іх кваліфікацыя не адпавядае займаемым пасадам.

 “Прапанова гэтая абсалютна непісьменная. Сёння нельга не толькі скарачаць адпачынак па даглядзе за дзіцём, але і трэба распрацоўваць дадатковыя меры дапамогі маладым сем’ям і маладым бацькам”, — сказаў ён. 

“На практыцы сацыяльнай дзяржавы ў Беларусі даўно няма. І многія льготы, якія маюць, напрыклад, шматдзетныя сем’і, застаюцца толькі на паперы. І заявы былога міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва сведчаць, што дзяржава надалей працягне ліквідаваць рэшткі сістэмы сацыяльнай падтрымкі”, — падкрэсліў сустаршыня БХД.

Паводле bchd.info