Віталь Рымашэўскі: «Адсутнасць свабодных выбараў ганьбіць нашу краіну»
У Палаце Прадстаўнікоў хочуць адмовіцца ад зменаў у Выбарчы кодэкс. Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заклікае падтрымаць змены ў Выбарчы кодэкс і падпісаць анлайн-петыцыю «За сумленныя выбары» — зварот да Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Дэпутатка Ганна
Канапацкая паведаміла, у Палаце прадстаўнікоў збіраюцца зняць з позвы дня праект зменаў у
Выбарчы кодэкс.
Беларуская хрысціянская дэмакратыя заклікае падтрымаць змены ў Выбарчы кодэкс і сабраць подпісы ў іх падтрымку. “Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь патрабуем рэфармавання выбарчага заканадаўства згодна з рэкамендацыямі АБСЕ і правядзення сумленных выбараў, — адзначаецца ў петыцыі. — Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, страцілі давер да выбараў і іх легітымнасці. Існуючыя выбарчае заканадаўства стварае магчымасці да фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Незалежныя і міжнародныя назіральнікі кожную выбарчую кампанію фіксуюць велізарную колькасць парушэнняў на выбарах. Мы патрабуем рэфармавання выбарчага заканадаўства згодна з рэкамендацыямі АБСЕ”.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі ў каментары bchd.info адзначыў:
“Адсутнасць свабодных выбараў у нашай краіне абражае беларускіх грамадзян і ганьбіць нашу краіну. Калі ў Беларусі грамадзяне не атрымаюць магчымасць абіраць уладу, то нам не спыніць карупцыю, не спыніць чыноўніцкае бязмежжа і беззаконне ў судах. Дэмакратычныя рэформы таксама немагчымыя без свабодных выбараў, бо чыноўнікі, якія знаходзяцца ва ўладзе, зацікаўленыя ў захаванні існай сітуацыі. Я заклікаю ўсіх падтрымаць гэтую ініцыятыву 50 тысяч подпісаў — гэта сімвалічная лічба, неабходная для заканадаўчай ініцыятывы грамадзян Беларусі. Улады кажуць, што людзі задаволеныя выбарамі. Давайце пакажам, што гэта не так”.