Віктар Марціновіч: Усебеларускі допыт дармаедаў
Віктар Марціновіч на budzma.by разважае пра перапіс насельніцтва і пункт "родная мова".
Калі пра перапіс было ўжо заяўлена, а яго пытанні яшчэ не з’явіліся ў вольным доступе, я быў, дурань, падумаў, што яны нарэшце прачыталі “Уяўныя супольнасці” Андэрсана. Што скарыстаюць перапіс для ўмацавання беларускай ідэнтычнасці. Каб прасцей было ладзіць перамовы з рознымі суседзямі.
Гэта, дарэчы, было б цалкам лагічным, але логіка — не пра гэтую сістэму.
Але вось працэс пайшоў, я адкрыў анлайн-анкету і прыпух. Я не ведаю, хто складаў пытанне нумар 12. Але нічога горшага для беларускай справы прыдумаць немагчыма. Яны ўдакладняюць, што “родная мова” — гэта “засвоеная першай у раннім дзяцінстве”. І ладна, што гэтае ўдакладненне неяслушнае ці слушнае толькі ў межах адной з лінгвістычных парадыгмаў. Бо, напрыклад, рускі празаік Набокаў да эміграцыі мусіў бы пазначаць паводле такой логікі “роднай мовай” не рускую, а англійскую — тую, якую сапраўды засвоіў першай.
Але галоўная праблема ў тым, што з усіх падыходаў да паняцця “родная мова” яны абралі самы шкодны з пункту гледжання распаўсюду і бачнасці беларускай Беларусі.
Бо “родная мова” — гэта яшчэ пра наяўнасць унутранай эмацыйнай сувязі з маўленнем ці пра знешнюю ідэнтыфікацыю, прад’яўленне сябе навакольнаму свету “беларусам”, “рускім”, “украінцам”.
І менавіта так можна было б сфармуляваць: якую мову вы лічыце роднай ці блізкай? З якой адчуваеце повязь? Але не, яны ўпёрліся ў “мову па сталенні”.
Выдатна ведаючы, што для значнай часткі нават беларускамоўных першай засвоенай у дзяцінстве была руская. Калі сапраўднай мэтай гэтага перапісу было паказаць прыхільнікам інтэграцыі, што колькасць рускамоўных у Беларусі расце ў параўнанні з мінулым перапісам, — well done!
Што не дае мне пераймацца з нагоды пытання N12, дык гэта разуменне, што ў краіне, дзе няма выбараў і да перапісу трэба ставіцца як да сімуляцыі. Напішуць столькі, колькі будзе патрэбна ў бягучы момант геапалітычнага гандлю.
Тады навошта было рабіць гэтую глабальную і даражэзную штучку?
Адказ хаваецца ў пытаннях.
Вы ж заўважылі, што ў гэтым годзе перапіс супаў па часе з падаражэннем камуналкі для тых, каго дзяржава запісала ў дармаеды?
Дык вось, глядзіце: у анкеце няма ніводнага пытання пра тое, колькі замежных моваў ведае рэспандэнт. Гэта дзяржаве не важна.
Што ёй важна — гэта дзе дакладна вы жывяце, да якога тэлефоннага нумару прывязаны ідэнтыфікатар у вашым пашпарце, якой маёмасцю валодаеце, дзе працуеце. Ці плануеце выехаць з Беларусі (чытай — на падпрацоўкі)? Ці была ў вас праца з 27 верасня 2019 па 3 кастрычніка 2019 (чаму, дарэчы, такі перыяд?)? Як часта выязджалі на працу на тэрыторыю іншай дзяржавы?
Такіх пытанняў — дзве старонкі з чатырох у апытальным лісце (!).
Прачытайце гэтыя фармулёўкі: “Якія крыніцы сродкаў на існаванне (“укажыце асноўную крыніцу!)?" “Дзе ажыццяўляецца ваша праца?” Дзе знаходзіцца месца вашай працы?”
Прабачце, але толькі ў мяне адчуванне, што гэта не статыстыка?
Што гэта такі агульнарэспубліканскі допыт?
Аператыўна-следчае мерапрыемства, кшталту ўсеагульнага збору адбіткаў пальцаў?
Статыстыка заўсёды цікавіцца вялікімі лічбамі, а не асобным грамадзянінам. Колькі мільёнаў чалавек мае вышэйшую адукацыю, колькі жанатых, колькі замужам. Статыстыка не будзе з хцівасцю следчага лезці ў гісторыю тваіх банкаўскіх транзакцый, тваіх асабіста працадаўцаў, іх дакладнага адраса і г. д.
Навошта статыстыцы прывязка да тваёй міжбанкаўскай інфармацыі і індывідуальнага рахунку ў сістэме “Разлік”? Без чаго немагчыма задзейнічаць анлайн-анкету? І ці магу я быць спакойны за сакрэтнасць гэтай інфармацыі, адсутнасць уцечак, калі сайт перапісу 4-га кастрычніка проста “лёг”?
З усіх гэтых трывожных пытаннечак паўстае адчуванне, што гэты перапіс — падзея не сацыяльная, а фіскальная. Заўважым, што чарговы націск на дармаедаў нават не спрабавалі адвязаць ад выбараў. У лістападзе ў краіне з’явіцца новая Палата, а беспрацоўныя ўпершыню атрымаюць жыроўкі з непад’ёмнымі цэнамі.
Дык яны ўжо настолькі ўпэўненыя, што кантралююць ўсіх і кожнага?
Мне не падабаецца, калі Фэйсбук збірае і захоўвае інфармацыю пра мае ўпадабанні і кола кантактаў. Але мне яшчэ менш падабаецца тое, што адбываецца ў Беларусі з прывязаным да чарговай хвалі націску на дармаедаў перапісам.