Віктар Бабарыка ўзначаліў рэйтынг пошукавых запытаў беларусаў у Google у катэгорыі Персона
Віктар Бабарыка ўзначаліў рэйтынг пошукавых запытаў Google у Беларусі ў катэгорыі «Персона». Лукашэнка не ўвайшоў нават у топ-10.
Google традыцыйна прааналізаваў пошукавыя запыты беларусаў і прадставіў рэйтынг самых папулярных з іх за 2020 год. У першай дзясятцы катэгорыі «Самыя папулярныя запыты» — COVID-19, палітычныя дзеячы і падзеі, навіны, курс долара, піша marketing.by.
У катэгорыі «Персона» беларусы часцей за ўсё шукалі інфармацыю пра Віктара Бабарыка. На другім і трэцім месцах адпаведна ў гэтай катэгорыі— вядомыя расійцы: палітык і блогер Аляксей Навальны і акцёр Міхаіл Яфрэмаў.
У ліку запытаў — персоны, якія пайшлі з жыцця ў 2020 годзе: акцёр Барыс Клюеў і баскетбаліст Кобі Брайант. Таксама ў топ-10 увайшлі ўдзельнікі прэзідэнцкіх выбараў: Валерый Цапкала і Святлана Ціханоўская.
Самым папулярным фільмам па запытах беларусаў стала расійская камедыя «Халоп». Далей ідзе анімацыйны мюзікл «Халоднае сэрца 2». На трэцім месцы — драма «Пасля. Частка 2». Таксама ў дзясятку ўвайшлі фільмы — уладальнікі «Оскара» ў 2020 годзе: «Паразіты» і «Форд супраць Ферары».
У катэгорыі «Серыял года» беларусы часцей за ўсё шукалі псіхалагічны трылер «Гульня на выжыванне», касцюмаваную драму «Прыгонная», фэнтэзі «Вядзьмак».
Топ-запытамі ў катэгорыі «ТБ-шоу года» сталі 21-шы сезон «Бітвы экстрасэнсаў», «Славянскі базар-2020», цырымонія ўручэння ўзнагарод прэміі «Оскар-2020». Гэтыя шоў традыцыйна ўваходзяць у спіс найбольш частых пошукавых запытаў у Google у Беларусі.
У адыходзячым годзе беларускіх карыстальнікаў больш за ўсё цікавілі пакупкі медыцынскага прызначэння. Першыя 5 месцаў у рэйтынгу занялі маскі медыцынскія, аксіметры, антысептык для рук, рэспіратар, парацэтамол. Таксама традыцыйна беларусы шукаюць, дзе набыць ровары і батуты.