Відэа ёсць, але яго не паказваюць. Што вядома пра справу з суіцыдам у міліцэйскай машыне ў Нясвіжы
Згодна з афіцыйнай версіяй, Сяргей Абрамовіч 29 лістапада павесіўся на матузку ад чаравіка ў міліцэйскай машыне, піша «Радыё Свабода».
Іна Русак разам з мужам жыве на ўскрайку Нясвіжа. Нарадзілася побач — у вёсцы Слаўкава. Гэта за тры кіламетры на захад ад былой рэзідэнцыі Радзівілаў. Бацька Іны і цяпер жыве ў Слаўкаве. Ён інвалід і патрабуе догляду. Старэйшы брат таксама мае вялікія праблемы са здароўем. Ён цяпер жыве ў Менску, і з Інай яны бачацца нячаста. Быў яшчэ сярэдні брат — Сяргей. Але ў ноч з 29 на 30 лістапада 48-гадовага Сяргея Абрамовіча знайшлі мёртвым у міліцэйскай машыне. Тры апошнія месяцы Іна спрабуе даведацца, чаму і як памёр яе брат, але пакуль безвынікова.
«Мне больш за ўсіх трэба»
Пра смерць жыхара Нясвіжскага раёну ў міліцэйскім аўтамабілі журналісты даведаліся ў сярэдзіне снежня — праз два тыдні пасля здарэння. На Іну выйшлі амаль адразу. Некалькі дзён запар званілі і прыязджалі рэпарцёры розных СМІ. Але праз тыдзень усё суцішылася. Цяпер выцягваць каментары са следчых яна мусіць сама.
«Званю ім, сама званю. Мне ж больш за ўсіх трэба. Яны самі мне не звоняць, — расказвае сястра нябожчыка. — Вось сёння акурат канец месяца, то я вырашыла зноў пазваніць. Яны сказалі, што ў канцы месяца нешта будзе вядома новае. Справу ж забралі ў Менск, новага следчага прызначылі. Сказаў мне, што будуць новыя экспертызы. Першая — псіхолага-псыхіятрычная па брату, пасмяротная. А другая — экспертыза почырку ўчастковага, які яго затрымліваў».
Навошта ўсё гэта трэба, жанчыне не тлумачаць. Кажуць толькі, што следству, каб дадаткова ва ўсім разабрацца, трэба яшчэ 35 дзён. І раней за пачатак красавіка супрацоўнікаў СК па гэтай справе можна не турбаваць.
«У моргу сказалі, што ўсё зробяць самі»
Непаразуменні паміж сястрой Сяргея Абрамовіча ды нясвіжскімі праваахоўнікамі ўзніклі ўжо на наступны пасля яго смерці дзень. Спачатку ў моргу адмовіліся выдаваць дакументы, каб аформіць даведку аб смерці. Потым увогуле папрасілі пакінуць пашпарт і ісці дадому. У выніку пасведчанне аб смерці брата Іна Русак афармляла з даведкай, дзе было пазначана: «Прычына смерці высвятляецца».
«Каб быў суіцыд, то напісалі б — механічная асфіксія. Яны, відаць, не здагадваліся, што я копію зраблю, — кажа Іна. — А так у выніку мне і пасведчанне пра смерць выдалі, дзе няма прычыны. „Прычына смерці высвятляецца“, код Р99. Так пазначылі. У ніводным дакуменце няма ні слова пра суіцыд. А больш у мяне і няма нічога па сённяшні дзень. Ніводнага дакумента, які б тычыўся смерці брата, я больш не атрымала».
Расказвае Іна і пра тое, што не змагла пахаваць брата так, як хацела. У моргу ёй сказалі, што рыхтаваць цела да пахавання, грыміраваць і апранаць яго будуць самі — замовіць такую паслугу ў прыватнай арганізацыі Іна не зможа.
«Я здзівілася, бо раней сутыкалася з арганізацыяй пахаванняў. Катэгарычнае „не“ — такога не было раней, — працягвае Іна. — Ну ладна, я пагадзілася. Прывезла цела дадому ў Слаўкава ўжо падрыхтаванае. І дома мне кінулася ў вочы, што на шыі баразны ад шнурка няма. Не знайшла я яе. Хоць павінна быць нават ад тонкага матузка. Я ўжо сутыкалася з суіцыднікамі. Дзе тая баразна дзелася?»
Неўзабаве пасля пахавання Іна паспрабавала даведацца ў нясвіжскім СК, што ж насамрэч адбылося з яе братам пасля затрымання міліцыянтамі. Ёй сказалі, што прызначаная медычная экспертыза і трэба пачакаць яе вынікаў. Прыкладна месяц.
Заключэнне патолагаанатама
Вынікі экспертызы прыйшлі з Менску прыкладна праз месяц, на пачатку студзеня. Каб даведацца пра гэта, Іна некалькі разоў сама хадзіла да мясцовага патолагаанатама. Ён пра завяршэнне экспертызы расказаць пагадзіўся, але яе вынікаў сястры нябожчыка не паказаў. Сказаў, што ўсе паперы накіроўваюцца да следчых.
«Пайшла я да следчага, — працягвае расказваць пра свае прыгоды Іна. — Яны мне далі азнаёміцца з часткай папер, з заключэннем патолагаанатама. На рукі не далі, толькі паказалі. І тое не ўсё. Частку відэафіксацыі паказалі, але не ўсё. Я ж даведалася, што ў іх у машыне камера была, і яна працавала. Знаёмыя падказалі. Але здымкі мне паказалі не ўсе. Толькі тыя, відаць, якія ім трэба было мне паказаць».
У матэрыялах справы, якія Іне паказаў нясвіжскі следчы, жанчына знайшла несупадзенне. Паводле іх, з Сяргеем Абрамовічам міліцыянты выехалі з вёскі Затур’е ў 17.05. Там яны правяралі паднагляднага. Да меркаванага месца смерці затрыманага адтуль 20 хвілін язды. Аднак, паводле паказаных Іне дакументаў, яе брат загінуў у 18.31. Куды падзелася гадзіна часу — невядома.
«І шнурок яшчэ, — працягвае Іна. — 46 сантыметраў, напісана. Я мужу ланцужок на шыю набывала — 50 сантыметраў. Гэта каб свабодна вісеў. А яшчэ ж зачапіцца трэба за нешта. А супрацоўнікі дзе былі вашыя? Белыя і пушыстыя. Ніхто не вінаваты, ён сам. За дарогай сачылі абодва, ніхто нічога не бачыў».
Унутраная праверка
Пасля гэтага зноў стала ціха. Сястры нябожчыка тлумачылі, што праводзіцца ўнутраная праверка дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. Займаецца ёю СК, расказаць падрабязнасці следчыя не могуць. Але Нясвіж — горад невялікі. Праз некалькі тыдняў знаёмыя параілі набыць свежы нумар мясцовай раёнкі «Нясвіжскія навіны». З артыкула, прысвечанага справаздачнай імпрэзе мясцовай міліцыі, Іна даведалася пра падвышэнне ў званні аднаго з міліцыянтаў, які забіраў яе брата.
«З лейтэнанта стаў старшым лейтэнантам, — расказвае жанчына. — Я зноў пайшла да следчага. Якая можа быць праверка, кажу, калі ўзнагароджваюць супрацоўнікаў? Ён адказаў мне, што гэта за выслугу. Што так трэба. Ну ладна, трэба дык трэба. Я кажу следчаму — дайце мне заключэнне патолагаанатама, я напішу вашаму начальніку абласному Сініцыну. Копія мне трэба была. Не далі. Нават ад рукі не далі перапісаць. Сказалі, што калі ўсё скончыцца, я змагу паехаць у Менск і выпісаць тое, што мне трэба».
Праз тыдзень Іна прыйшла да следчага, які вёў справу брата, яшчэ раз. Хацела напісаць заяву аб тым, што не згодная з ходам расследавання. Але ў нясвіжскім СК жанчыне сказалі, што заяву не прымуць. І ўвогуле — справа перададзеная ў Менск і расследаваннем смерці Сяргея Абрамовіча займаюцца цяпер там. Неафіцыйна, на словах Іне патлумачылі, што існуюць падазрэнні аб службовай халатнасці супрацоўнікаў міліцыі. У чым канкрэтна яны заключаюцца, жанчыне не сказалі.
«Праз год будзем баяцца на вуліцу выйсці»
«Званіла вось сёння, сказалі, што праверка прыпыненая на час экспертызы, — кажа Іна Русак. — З Менскам зараз ваюю, назвоньваю. Навошта ім гэтыя экспертызы, я не разумею. Час смерці не сыходзіцца, а псіхолага-псыхіятрычную экспертызу нежывога чалавека можна зрабіць. Сваімі дзеяннямі яны паказваюць, што суіцыду, напэўна, не было. Каб брат быў сынам чыноўніка, то за месяц бы ўсіх знайшлі і пасадзілі без суду, без следства. А так у яго бацька інвалід з адной нагой, нікуды не дойдзе. Толькі вось сястра трапілася, усё ніяк не спыніцца».
«Ваяваць» са следчымі органамі Іна працягвае адна. У брата Сяргея сям’і не было. Жанчына кажа, што займаецца гэтым не столькі дзеля сябе, колькі дзеля справядлівасці. Кажа, што калі настаўнікі і лекары павінны несці адказнасць за вучняў і пацыентаў, то і міліцыянты павінны адказваць за затрыманых.
«Нават прабачэння не папрасілі, — наракае жанчына. — Сказалі б, што, маўляў, нашая віна. Недагледзелі, прабачце. Дык жа нічога. Робяць выгляд, што нічога не здарылася. Машына адна ехала, без іх».
Ніякіх падрабязнасцяў пра смерць брата, нават чутак, Іна за тры месяцы так і не даведалася. Рапартаў міліцыянтаў, дзе тыя апісвалі сваю версію здарэння, ёй не паказалі. Узгадвае, што ніякіх падазрэнняў у той вечар міліцыянты ў яе не выклікалі. На вуліцах Нясвіжа яна іх больш не сустракала. Дамагацца нейкай інфармацыі пра прычыны смерці брата Сяргея Іне дапамагае муж. Другі брат, старэйшы, угаворвае спыніцца. Кажа, дабром гэта можа не скончыцца.
«Ніхто не верыць, што гэта самагубства было, — расказвае сястра нябожчыка Сяргея Абрамовіча пра рэакцыю знаёмых і суседзяў. — Брата я не вярну, але ў мяне ж таксама ёсць дзеці. Што будзе заўтра, калі папускаць вось гэта вось усё? Мы праз год будзем баяцца выйсці на вуліцу. Калі нехта пайшоў у органы, ён жа павінен закон сам выконваць, а не патрабаваць з нас у першую чаргу».
Раней за пачатак красавіка навінаў па справе аб расследаванні смерці брата Іна Русак не чакае. Як ёй патлумачыў сталічны следчы, тады павінна вырашыцца — узбудзяць па факце смерці затрыманага ў міліцэйскім аўтамабілі крымінальную справу ці прыйдуць да высновы, што вінаватых няма.
«З Сяргеем мы ў добрых адносінах былі, — кажа жанчына. — Практычна кожны дзень сазвоньваліся. Па некалькі разоў. І раз, і два пазвоніць. З самага дзяцінства было так у нас. Цяпер ад брата ў мяне толькі карціна засталася. Падарыў мне на дзень народзінаў. Сам намаляваў».