Віцябляніну далі 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «Жыве Беларусь!», трафарэт «Пагоні» і ўдзел у «масавых беспарадках»
17 верасня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска віцяблянін Сяргей Думава быў асуджаны на 9 гадоў і 15 сутак калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але маці дазволілі прысутнічаць на пасяджэннях. «Ні за што! Ніякіх доказаў не было пададзена», — цытуе «Віцебская вясна» словы маці Сяргея Думавы Алены.
Сяргея Думаву абвінавачвалі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады»), ч. 3 арт. 293 («Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках»), арт. 341 («Апаганьванне будынкаў ці іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі»).
Па ўсіх абвінавачаннях суддзя Міхаіл Юрчанка прызнаў Думаву вінаватым. Найбольшае пакаранне — 9 гадоў калоніі, — прызначыў па артыкуле аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Апроч гэтага, 2 гады — за нібыта навучанне і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках. І 1 месяц арышту — за «апаганьванне будынкаў».
Па сукупнасці пакаранняў і «шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім» агульны тэрмін зняволення склаў 9 гадоў і 15 сутак калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Сяргей Думава быў затрыманы 22 сакавіка 2021 года, калі расклейваў у горадзе налепкі. Пасля затрымання ён прызнаўся ў тым, што нанёс яшчэ чырвонай фарбай некалькі надпісаў «Жыве Беларусь». У абвінавачанні таксама фігуруюць надпісы «3%», «Чырвоны партызан», «Сыходзь».
Падчас ператрусу ў гаражы знайшлі жалезны трафарэт герба «Пагоня», а таксама петарды, страйкбольныя гранаты, дымавыя шашкі ды іншыя не забароненыя для захоўвання прадметы.
Першае судовае пасяджэнне адбылося 13 жніўня. На ім Сяргей адмовіўся даваць паказанні. Як вынікала з пісьмовых паказанняў, сваю віну ў выстаўленых абвінавачаннях ён цалкам адмаўляў. Наступнае пасяджэнне, 16 жніўня, зрабілі ўжо закрытым. Фармальнай прычынай нібыта паслужыў фотаздымак, зроблены на працэсе і размешчаны ў інтэрнэце. Падчас вынясення прысуду суддзя Міхаіл Юрчанка забараніў не толькі фатаграфаваць, але нават весці запіс на дыктафон.
Адвакаты Сяргея Думавы збіраюцца абскарджваць рашэнне ў Віцебскім абласным судзе.
Паводле «Радыё Свабода».