Youtube-блогера Руслана Лінніка асудзілі да чатырох гадоў калоніі. На судзе ён заявіў пра ціск з боку сілавікоў

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 17 верасня вынеслі прысуд палітзняволенаму блогеру Руслану Лінніку, паведамляюць праваабаронцы. Яго прызналі вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 і ч. 2 арт. 367 («Паклёп на прэзідэнта»), ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 188 («Паклёп»).

Руслан Ліннік

Руслан Ліннік


Паводле версіі абвінавачання, абразы і паклёпы ўтрымліваліся ў відэароліках блогера на яго Youtube-канале ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, ужо былога старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева і яго намесніка Генадзя Казакевіча, міністра абароны Віктара Хрэніна.
Суддзя Юрый Машкетаў пакараў Руслана Лінніка чатырма гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрасіў учора пракурор Яўген Серакоў.
На судзе Руслан Ліннік не прызнаў віну, адмовіўся ад дачы паказанняў, а ў апошнім слове распавёў пра ціск, псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне ў боку сілавікоў.
«22 лютага супрацоўнікі без форменнага адзення, асобы былі ў балаклавах, пачалі аказваць псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне, каб даведацца адрас кватэры. Пасля працэсуальнага маўчання на мяне былі надзетыя кайданкі і ўсё працягнулася з новай сілай і па новым сцэнары.
23 лютага ў Мінску па вуліцы Акрэсціна супрацоўнікі прапанавалі запісаць відэазварот з выбачэннямі супрацоўнікам міліцыі», — распавёў у апошнім слове Руслан.
Блогер заявіў, што на яго ціснулі, каб запісаць «пакаяльнае» відэа. Ён пагадзіўся, «бо ведаў наступствы нязгоды». Палітвязень сказаў, што ўжо не спадзяецца на правасуддзе і вінаватым сябе не адчувае.
Беларускі Youtube-блогер Руслан Ліннік з 2020 года рабіў ролікі на грамадска-значныя і палітычныя тэмы. Зараз на яго канале каля 80 тысяч падпісчыкаў.
Руслан быў затрыманы 20 лютага ў Віцебску, затым яго перавезлі ў ІЧУ Мінска, а праз некалькі дзён перавялі ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага.