Віцебскія ўлады не заўважылі парушэнняў у дзейнасці казацкіх фармаванняў

Каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” на Віцебшчыне Таццяна Севярынец атрымала з Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму адказ на калектыўны зварот у справе антыбеларускай дзейнасці казацкіх фармаванняў.



1439278213_asai.jpg

“Парушэнняў (у частцы дзейнасці незарэгістраваных казацкіх арганізацый), якія адносяцца да кампетэнцыі органаў унутраных справаў, не выяўлена”, — гаворыцца ў адказе за подпісам намесніцы старшыні ўпраўлення Таццяны Харушэўскай.

“Так што, казакі, у ружжо! Высвятляецца, што яны могуць рабіць, што хочуць, на чале са сваім галоўным кандыдатам”, — адзначыла Таццяна Севярынец.

Нагадаем, Таццяна Севярынец 27 ліпеня падала ў Віцебскую абласную пракуратуру заяву грамадзян Беларусі па факце дзейнасці ў рэгіёне прарасійскіх арганізацый. Заяву падпісалі жыхары Віцебска, Глыбокага, Оршы, Наваполацка, Віцебскага і Аршанскага раёну ды іншых. “Гэтыя арганізацыі бесперашкодна праводзяць свае мерапрыемствы ў Талачыне, Оршы, Полацку, Друцку, прыцягваюць да ўдзелу маральна не ўмацаваных беларусаў — падлеткаў, даюць ім у рукі баявую зброю, пра што сведчаць справаздачы і фотасправаздачы з мерапрыемстваў на іх сайтах”, — гаворыцца ў заяве.

У сённяшняй сітуацыі падпісанты лічаць дзейнасць падобных арганізацый, іх кіраўніцтва, публікацый на іх сайтах небяспечнымi для тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, спрыяльнымі для распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці. 

bchd.info