На круглым стале ў Брэсце ўвагу моладзі вырашылі адцягнуць ад наркотыкаў

У Брэсце 17 верасня актывістамі культурна-асветніцкай установы «АБСУРД» быў арганізаваны круглы стол на тэму «антыСПАЙС».



stopnarkotyki.jpg

Прысутнічалі прадстаўнікі розных арганізацый: Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты, Маладыя Дэмакраты, Рух за забарону абортаў і інш.
Падчас мерапрыемства былі разгледжаны нестандартныя метады барацьбы з гэтай праблемай. Рашэнне апынулася вельмі простым: стварэнне разнастайных гурткоў секцый і ўсяго таго, што было б актуальна і карысталася попытам сярод падрастаючага пакалення.
Дырэктар установы «АБСУРД», брэсцкі каардынатар аргкамітэта БХД Аляксандр Храпко:
— У нас няма асаблівых паўнамоцтваў і рычагоў уплыву ў дзяржструктурах, таму нам неабходна якім-небудзь іншым чынам паўплываць на сітуацыю. Мы вырашылі не змагацца з наступствамі праблемы, а спыняць яе на корані. Мы збіраемся прапанаваць моладзі альтэрнатыву, каб у яе не было жадання і часу ўжываць наркотыкі. Бо большасць маладых людзей пачынаюць свой шлях па нахільнай з-за таго, што няма чым сябе заняць.
Таксама на семінары агучвалася колькасць ахвяраў і няшчасных выпадкаў за гэты год у параўнанні з мінулым: на сённяшні дзень гэтая лічба ўжо значна перавышае колькасць падобных выпадкаў за ўвесь папярэдні год. Імкліва расце колькасць падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў наркалогіі.
«Мы будзем клапаціцца аб падрастаючым пакаленні. Бо яно наша будучыня! Усе жадаючыя могуць далучыцца да дадзенай кампаніі. Разам мы зможам супрацьстаяць. Калі сёння не пачаць нічога рабіць, то заўтра можа быць позна», — адзначыў Аляксандр Храпко.
Паводле прэс-службы БХД