Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну асудзілі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі

Сёння, 17 сакавіка 2023 года, у Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд палітзняволеным Валерыі Касцюговай і Таццяне Кузінай. Іх прызналі вінаватымі па трох артыкулах: «захоп улады», «шкода нацыянальнай бяспецы» і «распальванне варожасці».

kasciuhova_kuzina.jpg

Валерыі Касцюговай і Таццяне Кузінай прысудзілі па 10 гадоў калоніі агульнага рэжыму (такі тэрмін і патрабаваў пракурор), паведамляе «Е*рарадыё».

У залежнасці ад ролі кожнай, палітзняволеных прызналі вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 357 (дапамаганне дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).

Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці разгляду пасяджэння невядомыя. Справу разглядзела суддзя Дзіна Кучук.

Валерыя Касцюгова — палітолаг, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка», кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Яна знаходзіцца за кратамі з 30 чэрвеня 2021 года.

Таццяна Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa, экспертка даследчага праекта bipart. Яе затрымалі ў Мінску ўначы з 28 на 29 чэрвеня 2021 года.

Праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі. Суд праходзіў з 6 лютага ў Мінскім гарадскім судзе.