Валерый Карбалевіч — пра зачыстку «Схода»: «Метадычна і планамерна, пляцоўка за пляцоўкай»
Палітолаг вызначыў крытэрыі, якімі кіруюцца пры рэпрэсіях.
— Працягваецца зачыстка ўсіх структур грамадзянскай
супольнасці, усіх інфраструктур, хоць неяк звязаных з леташнім пратэстам.
Проста адразу да ўсіх рукі не даходзяць, таму зачыстка ідзе метадычна і
планамерна, пляцоўка за пляцоўкай, — адзначыў у экспрэс-каментары
«Салідарнасці» палітолаг Валерый Карбалевіч, каментуючы хвалю ператрусаў і
затрыманняў чальцоў платформы «Сход».
Палітолаг дапоўніў, што крытэрыі зачысткі пазначыў сам Лукашэнка.
— Ці будуць пасля ўсе ціхенька сядзець пад плінтусам, цяжка
сказаць. Але, ва ўсялякім выпадку, спроба ліквідаваць усе структуры, якія раней
удзельнічалі ці маглі б у будучыні ўдзельнічаць, або, у прадстаўленні ўлад, нейкім чынам датычныя да пратэстаў, да грамадзянскай супольнасці, да ліку
праціўнікаў Лукашэнкі, будзе ажыццёўлена.
Крытэрыі зразумелыя. Лукашэнка назваў 85 арганізацый. Усяго
лічыцца каля 3 тысяч структур НДА. Сярод іх вялікая колькасць тых, якія ніяк не
звязаныя з палітыкай, там «Саюз філатэлістаў» або «Саюз пчаляроў». Гэтых не
чапаюць. А вось 85, пра якіх Лукашэнка казаў, яны альбо неяк звязаныя з
грамадскай тэматыкай, альбо засвяціліся ў грамадска-палітычнай прасторы,
можа, нейкія падпісвалі петыцыі альбо атрымлівалі гранты з-за мяжы.
Вось гэтыя крытэры і бяруць за аснову для іх нейтралізацыі.
А «Сход» — гэта наогул палітычная пляцоўка. Гэта
як бы альтэрнатыва ВНС. Гэтую платформу наогул могуць трактаваць як замах на
нейкія асновы, — мяркуе Валерый Карбалевіч.