Валанцёры Вайсковых могілак напісалі адкрыты ліст да сваякоў пахаваных

Яны спасылаюцца на беларускае заканадаўства і заклікаюць людзей дапамагчы захаваць некропаль.

43756755_2114185571948170_6785636766733828096_n_logo_1_1.jpg

"Шаноўныя сваякі! Звяртаемся да вас з просьбай. Хутка Радаўніца, лета, вы прыйдзеце на адведзіны сваіх блізкіх. Магчыма, супрацоўнікі Спецкамбіната, які ўтрымлівае парадак на Вайсковых могілках, пачнуць вам распавядаць, што вы мусіце замяніць помнік, агароджу, бо паводле новага закона яны не адпавядаюць нормам. Дык вось, гэта няпраўда. Закон зваротнай сілы не мае. Паводле паправак, унесеных у Закон аб пахаваннях у 2015 годзе, Вайсковыя могілкі — закрытыя, а таму новыя нормы там не дзейнічаюць . Пагадзіцеся, было б дзіўна, каб на могілках XIX стагоддзя дзейнічалі нормы 2015 года." — кажуць валанцёры.
“Надмагільныя збудаванні, усталяваныя на ўчастку для пахавання, мусяць адпавядаць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў і не перабольшваць памер прадстаўленага ўчастку" – цытуюць яны заканадаўства. Аднак дадаюць, што гэта датычна новых надмагілляў, а не тых, што ўсталяваныя 30-200 гадоў таму.
"Усё мінулае лета мы працавалі, даглядалі магілы чужых нам людзей, каб захаваць гэты помнік гісторыі. Вайсковыя могілкі — гісторыка-культурная каштоўнасць, агульны від якой складаецца з помнікаў, агароджаў і дрэваў. Калі будуць змененыя ўсё старыя надмагіллі на новыя, гістарычнага выгляду Вайсковых не застанецца. Старыя помнікі і агароджы ўнікальныя і, галоўнае, непаўторныя. Калі ласка, калі няма пільнай патрэбы ў замене, калі крыж не валіцца і помнік не абсыпаецца, пакіньце яго ў першатковым выглядзе. Такім, як яго ставілі вашыя бацькі ці дзяды.Людзі ездзяць паглядзець на Лічакоўскі цвінтар, на Навадзевіч'е, бо яны старыя і прыгожыя. Калі ласка, дапамажыце нам захаваць свой стары някропаль у горадзе Мінску." — заклікаюць актывісты.
Паводле прэс-рэлізу