Вакол Гродна паставілі знакі пра мяжу бязвізавай зоны. З памылкай.

Недарэчнасць выявілі карэспандэнты сайту Hrodna.Life

Фота: Леанід Шчаглоў, БелТА

Фота: Леанід Шчаглоў, БелТА

Як паведамляе сайт Hrodna.Life, адмысловыя знакі, якія маюць папярэджваць турыстаў пра канец бязвізавай зоны, усталявалі вакол Гродна ў аўторак, 25 кастрычніка. Яны выкананыя на трох мовах: рускай, польскай і англійскай. На мове найбліжэйшага суседа — Польшчы — удалося нават зрабіць памылку.
На знаках напісана «Granica obsharu bezwizowego», хаця слова «абшар» па-польску пішацца праз «sz», а не праз «sh». Правільна — «obszaru». Ды і само слова тут не вельмі пасуе: больш пісьменна было б напісаць «strefy bezwizowej».
Раней мноствам памылак адзначыўся і сайт для бязвізавых турыстаў, але тады пасля публікацыі гарадзенскага парталу частку хібаў выправілі цягам гадзіны.