Ваданосава і «Свабодны тэатр» на плошчы Калеснікавай пад знакам «Пагоні»

28 кастрычніка на плошчы Марыі Калеснікавай выступілі з канцэртам спявачка Кацярына Ваданосава і акцёры «Свабоднага тэатра» с сатырычнымі пастаноўкамі на абсурдныя дзеянні з боку сённяшняй улады. А на доме за сцэнай у гэты час ззяла вялікая «Пагоня» на бел-чырвона-белым полі.

1_ploszcza_peremen_fota_aleha_hruszeckaha_novy_czas__2__logo.jpg


Кацярына Ваданосава валодае ўнікальным голасам, грае больш чым на пяці музычных інструментах, піша вершы ды музыку, шые ды рэканструюе сярэднявечныя строі. Жанр, у якім яна выступае, можна ахарактарызаваць як «фэнтэзі-рок».

1_ploszcza_peremen_fota_aleha_hruszeckaha_novy_czas__1__logo.jpg


У сераду яна дала канцэрт разам са сваім гуртам, з гітарыстам і цымбалісткай. У яе выкананні прагучалі песні на словы Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча, песні пра беларускіх ведзьмаў, скандынаўскіх вікінгаў, яе знакамітая «Забіць цмока» і іншыя. Калі ж трохі сцямнела, на дом, што стаіць за сцэнай, вывелі агромністую праекцыю «Пагоні» на бел-чырвона-белым сцягу. У пэўны час да Кацярыны далучылася і яе дачка, таленавітая юная скрыпачка Стэфанія, якая не толькі зайграла на скрыпцы, але і праспявала.

1_ploszcza_peremen_fota_aleha_hruszeckaha_novy_czas__3__logo.jpg


А цымбалістка гурта Ганна Лепяшкевіч, лаўрэатка прэміі прэзідэнта для падтрымкі таленавітай моладзі, выступіла з песняй, якая стала гімнам апошніх пратэстаў – «Муры». Справа ў тым, што для яе гэта цяпер вельмі асабістае – яе затрымалі ўвечары 10-га жніўня. Яна была на Акрэсціна, пазней у Жодзіна і ўласна бачыла ўсе тыя здзекі і гвалт, што адбываліся ў засценках.


Пасля выступлення гурта Kaciaryna Vadanosava & Fantasy Orchestra на сцэну падняўся Арцём Ульянаў, той самы выратавальнік, камандзір пажарнай часткі, які адмовіўся здымаць бел-чырвона-белы сцяг і за што быў звольнены. Ён і цяпер не шкадуе, што не пайшоў супраць гонару і верыць у перамогу народа ў сённяшнім супрацьстаянні.

1_ploszcza_peremen_fota_aleha_hruszeckaha_novy_czas__11__logo.jpg


Затым на сцэну, як вецер, уварваліся акцёры беларускага «Свабоднага тэатру». Прытым што так рэзка і нечакана, што не ўсе паспелі зразумець, што адбываецца. Але наступнае відовішча на гэта і было разлічанае. Іх сцэны, кароткія тэатральныя замалёўкі з неверагодна тонкім пачуццём сатыры, паказалі ўсю абсурднасць і недарэчнасць злачынных дзеянняў беларускай улады — ціхары з відэакамерамі, допыты, на якіх з паветра прыдумляюцца і заводзяцца справы, ашалелы Таракан Тараканыч, які спалохана бегае з аўтаматам, выкарыстанне машын хуткай дапамогі карнымі органамі не па прызначэнню, ды іншыя бязглуздзіца, якая ў нармальнай цывілізаванай краіне адбывацца папросту не можа.

1_ploszcza_peremen_fota_aleha_hruszeckaha_novy_czas__12__logo.jpg


Але што дзіўнае — хоць сатырычныя пастаноўкі былі разлічаны на дарослую аўдыторыю, да густу яны прыйшліся і дзецям, якія годна і па вартасці ацанілі ўвесь гумар, смяяліся ад душы і адначасова шчыра перажывалі за герояў сцэн. Тэатру атрымалася данесці сваё думкі да кожнага гледача.

1_ploszcza_peremen_fota_aleha_hruszeckaha_novy_czas__8__logo.jpg


Увогуле, уся праграма ў пратэстным двары на плошчы Марыі Калеснікавай у гэты вечар атрымалася годна і прайшла на славу. Да гледачоў далучыліся і жыхары суседніх двароў ды мікрараёнаў.