Утойванне імёнаў курапацкіх ахвяраў абскарджана ў Вярхоўным Судзе

Актывісты грамадскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» накіравалі старшыні Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь Валянціну Сукалу наглядныя скаргі па судовых справах у абарону Нацыянальнага некропаля, у тым ліку па адмове Генпракуратуры назваць вядомыя ёй імёны курапацкіх ахвяраў.

kurapaty_vs_2018_logo.jpg


Гэтая скарга звязаная з тым, што 6 студзеня 2016 году суддзя суду Цэнтральнага раёну горада Мінска Іван Майсейчык адмовіў заяўнікам ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па скарзе на неправамерныя дзеянні (бяздзеянне) Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, якая адмовілася паведаміць выяўленыя супрацоўнікамі Генпракуратуры дадзеныя, у тым ліку імёны, імёны па бацьку і прозвішчы трох ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997–1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.  
Пазней судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінгарсуду і ягоны старшыня Павел Каршуновіч пакінулі ў сіле названае вызначэнне суддзі Івана Майсейчыка, а прыватную скаргу грамадзянаў без задавальнення.
Другая наглядная скарга выкліканая тым, што 20 ліпеня 2015 года суддзя суду Фрунзенскага раёну горада Мінска Аляксандар Кузьміч адмовіў грамадзянам у задавальненні скаргі на неправамерныя дзеянні Мінскага райвыканкаму і ягонага старшыні Пятра Ярмаша, які не дазволіў заяўнікам правесці пікетаванні ў абарону Курапатаў, запланаваныя на 4 чэрвеня 2015 году ў Мінскім раёне.
Пазней судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінгарсуду і ягоны старшыня пакінулі рашэнне суду Фрунзенскага раёну без зменаў, а касацыйную скаргу заяўнікаў без задавальнення.
Раней Вярхоўны суд не задаволіў наглядныя скаргі экспертаў наконт судовых пастановаў па скаргах грамадзянаў на Генпракуратуру, Міністэрства культуры і начальніка ўпраўлення гэтага міністэрства па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігара Чарняўскага. Названыя скаргі тычыліся незаконнага і самавольнага ўзвядзення ў ахоўнай зоне Курапатаў рэстаранна-забаўляльнага комплексу з былой назвай «Бульбаш-хол» і ўнармавання гэтага беззаконня чыноўнікамі Мінкультуры.