Усё забірае шпіталь. Светлагорскае «Хімвалакно» больш не можа прадаваць пакупнікам кісларод
«Светлагорскхімвалакно» паведаміла сваім пакупнікам, што ўвесь абʼём тэхнічнага кіслароду, які выпускае прадпрыемства, цяпер ідзе на патрэбы раённага шпіталя.
Дакументам са «Свабодай» падзяліліся чытачы.
Прадпрыемства праз складаную эпідэміялагічную сітуацыю
перайшло ў рэжым жорсткай эканоміі расходу кіслароду для тэхнічных мэтаў,
гаворыцца ў лісце за подпісам генеральнага дырэктара Васіля Касцюкевіча.
Максімум, на што гатовы вытворца, — у экстраных аварыйных
выпадках выдзяляць не больш за 1-2 балоны на дзень.
«Светлагорскхімвалакно» прадукуе тэхнічны і медычны кісларод
больш за 40 гадоў.
Адзін 40-літровы балон змяшчае крыху больш за 6 кубаметраў
кіслароду. Для інгалятара з маскай такога балону хопіць на некалькі сутак, для
апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх — на адны суткі.
У Гомельскай вобласці за паўмесяца колькасць
перапрафіляваных ложкаў для кавідных хворых у шпіталях вырасла на 52%. Усяго
такіх ложкаў цяпер — 36% ад наяўных у рэгіёне.
Паводле статыстыкі Мінздароўя, за мінулыя суткі зафіксавалі
1998 новых хворых з каронавірусам і 16 смярцей пацыентаў.