Галоўны санітарны ўрач Мінска расказала пра эфектыўнасць «Спутніка» і кітайскай вакцыны
Цяперашнія тэмпы вакцынавання недастатковыя. Летам гэтага года людзі прышчапляліся ахвотней, чым цяпер. Пра гэта заявіла галоўны санітарны ўрач сталіцы Святлана Ярмак, пішуць «Мінск-Навіны».
Галоўны санітарны ўрач расказала, што цяперашнія тэмпы вакцынавання недастатковыя. У чэрвені-ліпені 2021-га працэс ішоў больш актыўна, чым цяпер. Медыкі занепакоеныя такім развіццём сітуацыі, паколькі каронавірусную інфекцыю людзі сталі пераносіць цяжэй і часцей трапляюць не проста на бальнічны ложак, а ў рэанімацыю.
— Статыстыка паказвае, што захворванне лягчэй пераносяць тыя, хто зрабіў прышчэпку, у адрозненне ад тых, хто адмовіўся, — падкрэсліла спецыялістка. — Найбольш дзейсная вакцына — «Спутнік V». Яе эфектыўнасць больш за 93%, і гэта даказана даследаваннямі папуляцыйнага імунітэту, якія ўжо двойчы праходзілі ў Мінску. Яны праводзіліся навукова-даследчым інстытутам Расіі. Кітайская вакцына мае эфектыўнасць 70-75%. «Спутнік Лайт» — аднакампанентная і прызначана для маладога насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў. Пасля яе імунітэт фарміруецца на тэрмін да 6 месяцаў, а пасля двухкампанентных ін'екцый — на больш працяглы.
Святлана Ярмак таксама нагадала, што ў сталіцы можна прышчапіцца ў 39 амбулаторна-паліклінічных установах, 10 стацыянарах, 30 гандлёвых цэнтрах, пунктах вакцынацыі на некаторых станцыях метрапалітэна. У некаторых арганізацыях можна нават запісацца анлайн на пэўны час.
Нагадаем, паводле апошніх даных Міністэрства аховы здароўя, у Мінску вакцынаваліся больш за 381,4 тысячы чалавек. 14 верасня Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што ў Беларусь прыйшла чарговая хваля COVID-19. З 23 жніўня ў Беларусі штодня фіксуецца больш за 1000 выпадкаў заражэння каронавірусам. 2 кастрычніка быў пабіты антырэкорд па колькасці выяўленых заражаных каронавірусам: 1998 чалавек. А 1 кастрычніка зафіксавалі сумны рэкорд па колькасці памерлых за суткі пацыентаў з COVID-19 — 16 чалавек.
У цяперашні час у Беларусі для лячэння пацыентаў з каронавірусам аддалі траціну ўсіх ложкаў.