У Беларусі з 9 кастрычніка ўводзіцца абавязковы масачны рэжым

З заўтрашняга дня нашэнне масак і захаванне дыстанцыі ў грамадскіх месцах стане абавязковым для ўсіх, паведамляе Мінздароўя.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Як паведаміў сёння намеснік міністра аховы здароўя — галоўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка, «з 9 кастрычніка нашы грамадзяне абавязаны насіць маскі і захоўваць дыстанцыю ў крамах, аб'ектах грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, пры наведванні тэатраў, кінатэатраў, культурна-масавых мерапрыемстваў, стадыёнаў, прадпрыемстваў, устаноў аховы здароўя, аптэк і іншых аб'ектаў».
Міністэрства аховы здароўя ўнесла змены і дапаўненні ў санітарныя нормы і правілы, якія датычацца прафілактыкі грыпу і COVID-19. Гэта звязана з тым, што ва ўсіх рэгіёнах краіны назіраецца дрэнная эпідэміялагічная сітуацыя па захворванні каронавіруснай інфекцыяй. «Унесены істотны дадатак — адказнасць фізічных асоб (грамадзян). Выконваць правілы будзе неабходна і ў грамадскім транспарце ўсіх відаў, уключаючы таксі. У санітарных нормах і правілах таксама паказана, як павінна насіцца маска: яна павінна закрываць нос, рот і падбародак», — сказаў Тарасенка.
Кантраляваць выкананне патрабаванняў будзе санітарна-эпідэміялагічная служба сумесна з зацікаўленымі, перш за ўсё МУС, Мінтрансам. «На першым этапе мы будзем праводзіць маніторынгі, каб паглядзець, як гэтыя правілы выконваюцца і суб'ектамі, і грамадзянамі. Будзем пераконваць наша насельніцтва захоўваць дыстанцыю і насіць медыцынскія маскі або марлевыя павязкі. Затым магчыма прымяненне і іншых мер», — адзначыў Аляксандр Тарасенка.