Улады прымушаюць 77-гадовую пенсіянерку заплаціць даўні штраф за пікет

Улады прымушаюць 77-гадовую мінчанку Лідзію Пятроўну Кандрашову заплаціць штраф за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні, што адбылося больш за чатыры гады таму ў цэнтры сталіцы.  



kandrashova_1_1__logo.jpg

Былая настаўніца малодшых класаў адной з сярэдніх школ Мінска, спадарыня Лідзія распавяла, што 3 кастрычніка 2011 года на Пляцы Волі яна ўдзельнічала ў не дазволеным уладамі пікетаванні актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры пад лозунгамі “Ашуканцаў народу — да адказнасці!”, “Адміністрацыя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — надзейны абаронца беззаконня ў краіне” і “Патрабуем ад чыноўніцтва выканання Канстытуцыі і законаў краіны”. Падчас гэтай акцыі міліцыянты схапілі Лідзію Пятроўну за рукі-ногі і кінулі на падлогу мінівэну, не дачакаўшыся, пакуль жанчына сталага веку сама дойдзе да аўтамашыны. У Цэнтральным РУУС пенсіянерцы стала кепска, і ёй выклікалі хуткую медычную дапамогу. Затым цягам месяцу жанчына выходзіла са стрэсу ад гэтага затрымання і здзекаў.

Лідзія Пятроўна ўпэўненая, што не за такую краіну Беларусь, дзе пануе гвалт, падчас Другой сусветнай вайны загінуў яе 38-гадовы бацька, беларус Пётр Іванавіч Кухта, ураджэнец вёскі Лучнікі, што на Случчыне ў Мінскай вобласці — ён, мабілізаваны ў Чырвоную Армію 23 чэрвеня 1941 года, склаў сваю галаву ў баях за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

За ўдзел у акцыі судом Цэнтральнага раёна Мінска спадарыня Лідзія была пакараная адміністрацыйным штрафам у памеры 350 тысяч рублёў. Аднак амаль чатыры гады з пенсіі жанчыны не вылічалі ў даход дзяржавы ані капейкі з вызначанай сумы штрафу. І ўспомнілі пра гэта толькі ў жніўні бягучага года. Тады пенсіянерка ўпершыню атрымала позву ад судовага выканаўцы Першамайскага раёна сталіцы Таццяны Бараноўскай аб неабходнасці выплаціць доўг. Паколькі жанчына адмовілася гэта рабіць, судовы выканаўца Першамайскага раёна Марыя Шабуня накіравала Лідзіі Пятроўне новую позву.

30 лістапада пенсіянерка сустракалася з судовым выканаўцам Марыяй Шабуняй. “Я зноўку адмовілася выплаціць штраф, бо не лічу сябе вінаватай. Гэта ўлады павінны пакрыць мне страту за маральную шкоду ад гвалтоўных дзеянняў міліцыянтаў, якія паводле ўзросту мне як праўнукі”, — падкрэсліла Лідзія Кандрашова.

На гэтае пярэчанне пацярпелай судовы выканаўца прапанавала пенсіянерцы звяртацца ў суд і папярэдзіла спадарыню Лідзію, што калі яна не выплаціць доўг, ён будзе штомесяц вылічвацца з яе пенсіі ў памеры 25% ад сумы штрафу.

Прычына, па якой Лідзія Кандрашова выходзіла на пікет, звязаная з тым, што ў свой час суд горада Слуцку і Слуцкага раёну незаконна вырашыў грамадзянскую справу аб спадкаемцах яе бацькоўскага дому, адзіным уласнікам якога прызнаны ўнук адной з родных сясцёр Лідзіі Пятроўны. Аднак на ўсе звароты ў органы суду і пракуратуры замест адказаў на канкрэтныя пытанні па грамадзянскай справе былая настаўніца атрымлівае толькі адпіскі. На думку жанчыны, саўласнікамі дому павінны быць прызнаныя і яна з сястрой, якія разам з маці ўзводзілі бацькоўскую хату замест спаленай вайной.