Украіна дагэтуль не атрымала тлумачэнні ад афіцыйнага Менску наконт выкрадання Паўла Грыба
Міністэрства замежных спраў Украіны не атрымала ад беларускага боку афіцыйнай інфармацыі пра абставіны затрымання ўкраінца Паўла Грыба на тэрыторыі Беларусі.
«Таму амбасада Украіны ў Беларусі напрыканцы верасня паўторна звярнулася з нотай да МЗС Беларусі па справе аб прадастаўленні інфармацыі пра абставіны магчымага затрымання Паўла Грыба на тэрыторыі Беларусі», – паведаміў прадстаўнік дэпартамента консульскай службы МЗС Украіны Васіль Кірыліч на прэс-канферэнцыі ў Кіеве.
Напрыканцы жніўня бацька Паўла Грыба, былы супрацоўнік памежнай службы Украіны Ігар Грыб паведамляў, што яго сын знік 24 жніўня, паехаўшы на сустрэчу з дзяўчынай у Гомель. Ігар Грыб заявіў, што яго сына ў Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ пры дапамозе гэтай дзяўчыны.
Беларускі бок факт перасячэння Грыбам мяжы пацвердзіў і дадаў што ніякіх прэтэнзіяў да яго не ўзнікла, але звесткі пра выкраданне хлопца ў Гомлі ніяк не пракаментаваў. Пазней суд Краснадара паведаміў, што пастанова аб арышце Паўла Грыба была вынесена 17 кастрычніка (то бок да таго, як адбылося перасячэнне беларускай мяжы), ен быў у міжнародным вышуку паводле абвінавачвання ў тэрарызме. Цяпер 19-гадовы ўкраінец знаходзіцца ў краснадарскім СІЗА.
У сераду Кастрычніцкі раённы суд Краснадара падоўжыў арышт выкрадзенаму ў Беларусі ўкраінцу Паўлу Грыбу да 4 студзеня 2018 года.
Павел Грыб пакутуе на хранічныя захворванні. Медыкі лічаць, што стан здароўя Паўла Грыба ў цяперашні момант можна лічыць цяжкім.
«Гэта не ажыятаж вакол тэмы здароўя. У гэтага чалавека сапраўды цяжкі стан здароўя. Яму ў любы момант можа стаць вельмі дрэнна», – заявіў учора прафесар Васіль Прытула.
Паводле belsat.eu