У Мёрах актывіста зрабілі "палітбамжом"

Услед за Сяргеем і Мікалаем Верамеенкамі з Гародні ўлады вырашылі пазбавіць працы яшчэ аднаго сябра аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” — Сержука Васільева з Мёраў. Чалавек, які мае дзве вышэйшыя адукацыі і шмат гадоў прапрацаваў настаўнікам, не можа ўладкавацца на працу нават вартаўніком.



miory.jpg

Праблемы з працай у яго пачаліся пасля 15-суткавага арышту за Плошчу 2010 года. Да красавіка 2012 года ён даглядаў сваю хворую маці, а пасля таго, як маці памерла, яго не хацелі нідзе ўладкоўваць на працу. У рэшце  Сержук Васільеў уладкаваўся грузчыкам на камбікормавы завод.

Праз нейкі час з-за праблемаў са здароўем Сяржук Васільеў быў вымушаны звольніцца і ўладкавацца на працу ахоўнікам у краму. Аднак пасля таго, як ён стаў прамоўцам БХД падчас мясцовай кампаніі 2014 года, калектыў крамы прымусілі напісаць, што яны яму не давяраюць і яго звольнілі. І гэта нягледзячы на тое, што абараняючы маёмасць крамы актывіст перад гэтым пацярпеў ад злачынцы, паведамляе прэсс-служба БХД.
 

Сяржук Васільеў зноў уладкаваўся на працу грузчыкам. Але з-за праблемаў са здароўем дактары забаранілі яму падымаць больш за 5 кілаграмаў. Паводле кантракту яго перавялі ў пункт другаснай сыравіны вартаўніком. Але працуе ён там толькі да 10 красавіка 2015 года, калі скончваецца кантракт.

"Гэта не проста пераслед, гэта здзекі. З мяне фактычна зрабілі палітбамжа”, — гаворыць Сяржук Васільеў.

У размове з старшынём райвыканкама Кузняцовым апошні прагаварыўся, што ўсе праблемы з працай у Васільева з-за сувязяў з апазіцыяй.


Пра тое, што праз апазіцыйную дзейнасць актывіст нібыта шкодзіць Беларусь заяўляў і начальнік раённага аддзелу адукацыі, намякаў на гэта і галоўны ідэолаг.