У Мінску загадкава знік кіраўнік «Белнафтахіма»

Старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім», 73-гадовы Ігар Жылін учора, 2 ліпеня, увесь дзень не з'яўляўся ў сваім офісе на праспекце Дзяржынскага, 73, а яго мабільны тэлефон не адказваў. У самім канцэрне загадкавае знікненне кіраўніка ніяк не камэнтуюць.



igor_zhilin.jpg

Тым часам імя Ігара Жыліна знікла з раздзелу «Кіраўніцтва» на афіцыйным сайце «Белнафтахіма», а насупраць яго пасады быў пастаўлены прочырк. Тым не менш, на афіцыйным рэсурсе канцэрна ў раздзеле навінаў усё яшчэ знаходзіцца віншаванне працоўным калектывам «Белнафтахіма» з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі за подпісам Ігара Жыліна. Яно датаваны 1 ліпеня. 
Нагадаем, паўтара месяца таму намеснік старшыні «Белнафтахіма» Уладзімір Волкаў быў асуджаны судом да васьмі гадоў пазбаўлення волі па карупцыйным артыкуле - яго абвінавацілі ў васьмі эпізодах атрымання хабараў. Але непасрэдны начальнік Волкава - Ігар Жылін - пры гэтым працягваў працаваць, як і раней. «Белнафтахім» з'яўляецца не толькі адным з галоўных бюджэтаўтваральных падаткаплацельшчыкаў Беларусі, але і самай буйной у краіне крыніцай валютных прыбыткаў. Нафтапрадукты, што вырабляюцца на прадпрыемствах канцэрна з расійскай нафты, паспяхова пастаўляюцца ў цэлы шэраг краін Еўрапейскага Саюза і Украіну. «Белнафтахім» неаднаразова згадваўся ў шэрагу міжнародных скандалаў: у прыватнасці, расійскі бок вінаваціў яго ў продажы бензіну і дызпаліва ў краіны ЕС пад выглядам растваральнікаў, што дазваляла выводзіць такія пастаўкі з-пад абавязковага абкладання экспартнай пошлінай у расійскі бюджэт. Неўзабаве такі від бізнесу прыйшлося спыніць, але ўжо з пачатку 2014 дзіўным чынам у 500 разоў павялічыўся беларускі экспарт у Вялікабрытанію іншай прадукцыі нафтаперапрацоўкі - бітумаў і бітумных сумесяў, якія таксама не абкладаюцца пошлінамі. 
У ЗША канцэрн «Белнафтахім» быў у 2008 годзе падвергнуты эканамічным санкцыям, што паслужыла прычынай адклікання з Беларусі амерыканскага амбасадара Карэн Сцюарт і скарачэння штату амбасады да 5 чалавек. 
Па некаторых дадзеных, кіраўнік «Белнафтахіма» Ігар Жылін можа быць затрыманы па карупцыйным артыкуле і знаходзіцца ў следчым ізалятары. Аднак ніякага афіцыйнага пацверджання гэтаму ад сілавых структур Беларусі пакуль не паступала. У той жа час на афіцыйным сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі з'явіўся тэкст пастановы Савета Міністраў № 631, датаванай яшчэ 30 чэрвеня, дзе Ігар Жылін згаданы ў спісе чыноўнікаў, вызваленых ад займаных пасадаў. Праўда, у адрозненне ад «суседзяў» па дадзеным спісе, супраць прозвішча Жыліна не значыцца прычына яго звальнення (напрыклад, выхад на пенсію або пераход на іншую працу), што дадае ўсёй гісторыі яшчэ больш загадкавасці.

by24.org