У Мінску хутка не будзе куды саджаць дрэвы

Эксперт: ушчыльненне Менска вядзецца настолькі агрэсіўна, што хутка не будзе куды саджаць дрэвы.



182517c9_cea2_41e18151a.jpg

pixabay.com

Зялёныя насаджэнні — самае неабароненае ў сталічным горадабудаўніцтве, лічыць юрыст, спецыяліст у галіне экалагічнага права Рыгор Фёдараў.

Такое меркаванне ён выказаў 21 снежня на прэс-канферэнцыі па выніках грамадскай экалагічнай экспертызы праекта генплана сталіцы, праведзенай таварыствам «Зялёная сетка» сумесна з ГА «Экадом», паведамляе БелаПАН.

«Калі ў нас мікрараён пабудаваны, то ён ужо стаіць — і ўсё. А калі ёсць нейкі парк, то яго тэрыторыю могуць у чарговую карэктуру генплана паменшыць, забудаваць ці ўвогуле сказаць, што гэта не парк, як гэта было з паркам 40-годзьдзя Кастрычніка», — сказаў ён.

Як адзначыў юрыст, цяпер у Беларусі не дасягнуты ўсталяваны раней нарматыў у 21 метр зялёных насаджэнняў на чалавека, і, паводле яго слоў, гарадскія ўлады прызнаюць, што яго дасягнуць немагчыма, таму прапануюць скараціць нарматыў да 17 мэтраў. «Зразумела, што калі весці ўшчыльняльную забудову настолькі агрэсіўна, то не будзе дзе саджаць новыя дрэвы, і захоўваць паркі таксама праблематычна», — лічыць Фёдараў.


Спецыяліст таксама адзначыў, што ўжо цяпер у Мінску назіраецца настолькі высокая шчыльнасць забудовы, што ў гарадской мяжы практычна не засталося «больш-менш некранутых тэрыторый», у адрозненні ад сталіц суседніх краін.

Некаторыя прыродаахоўныя тэрыторыі, па словах эксперта, у горадзе даўно плануецца стварыць, але пры гэтым улады ня робяць ніякіх дзеянняў.

www.radyjo.net