У Мінску адкрылася новая странцыя метро

У Мінску сёння адкрылася новая станцыя метро "Малінаўка". Цырымонія прайшла з удзелам прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча і старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі.



pdeiej_w465h262.jpg

"Мы планавалі, што станцыя будзе ўведзена ў эксплуатацыю да чэмпіянату (чэмпіянат свету па хакеі праходзіў у Мінску з 9 па 25 мая. — БелаПАН.), але лепш зрабіць якасна і надзейна, а не спехам", — сказаў кіраўнік урада. 


Ён таксама зазначыў, што ўвод станцыі ў эксплуатацыю "быў забяспечаны ў няпростых умовах". 


Першапачаткова адкрыццё станцыі планавалася на 8 мая, аднак цырымонію перанеслі. Як растлумачыў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, "узніклі пытанні" з пранікненнем падземных вод у тунэль метрапалітэна. 


"Малінаўка" стала 29-й станцыяй мінскага метро. Яна знаходзіцца на перасячэнні праспекта Дзяржынскага і вуліцы Ясеніна і размешчана на Маскоўскай лініі метрапалітэна. Даўжыня ўчастка падземных тунэляў да суседняй станцыі "Пятроўшчына" складае 1,8 км. Станцыя "Малінаўка" разлічаная на пасажырапаток ад 20 тысяч чалавек за суткі. У сувязі з увядзеннем новай станцыі метрапалітэн набыў пяць саставаў (25 вагонаў). Паводле разлікаў адміністрацыі метро, пасажырапаток павялічыцца як мінімум на 5%.
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН