У Крычаве абрушыўся будынак гімназіі. Следчы камітэт завёў крымінальную справу

Як паведамілі ў МНС, здарэнне адбылося 29 жніўня каля 8.44. Загінулых і пацярпелых няма. Будынак гімназіі быў пабудаваны ў 1979 годзе. Прычыны абрушэння высвятляюцца.



kryczau_himnazija.jpg

Фота з суполкі vk.com/krichev_city
На другім паверсе прыбудовы размяшчалася актавая зала, на першым — сталовая. Як растлумачылі ў абласным УМНС, шкода ацэньваецца, але ўжо вядома, што яна будзе сур'ёзным. У сувязі з гэтым, хутчэй за ўсё, будзе распачата крымінальная справа.
Да канца дня будзе вядома, ці небяспечна гімназістам вучыцца ў будынку з 1 верасня.
Спецыяльная камісія Міністэрства адукацыі на чале з намеснікам міністра Сяргеем Рудым выехала ў Крычаў.
Следчы камітэт завёў крымінальную справу за службовую нядбайнасць. 
«На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. На дадзены момант па выніках вонкавага агляду ўстаноўлена, што адбылося абрушэнне пліт перакрыцця 2-га і 1-га паверхаў прыбудовы да будынка гімназіі. Плошча абрушэння склала каля 100 кв. м. Мяркуецца, што на момант здарэння там знаходзіўся толькі вартаўнік, які не пацярпеў», — адзначыла прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк.
Паводле «Нашай Нівы»