У фальварку Каліноўскіх здзейснена спроба вандалізму

Свіслацкія грамадскія актывісты Віктар Дзесяцік і Юрый Глебік, якія прыехалі 14 чэрвеня ў Якушоўку парадкаваць тэрыторыю колішняга фальварка Каліноўскіх, убачылі на тэрыторыі сядзібы спробу вандалізму. 



jakushouka_vangaly_2.jpg

Нагадаем, што ўжо дваццаць гадоў у Свіслачы і Якушоўцы ўвосень адбываюцца традыцыйныя мерапрыемствы па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863 года. У 1997 годзе ў Якушоўцы быў усталяваны мастацкі крыж, а летась свіслацкія грамадскія актывісты замянілі драўляную частку кампазіцыі.

jakushouka_vangaly_1.jpg

Зараз свіслачцы ўбачылі каля крыжа абпалены бел-чырвона-белы сцяжок, верагодна, што такім чынам хацелі падпаліць і прасмалены крыж. Была адкінута ў бок і маленькая каплічка-шафка для свечак, што стаяла побач з крыжам.

Грамадскія актывісты Свіслачы ўпарадкавалі тэрыторыю сядзібы, пакасілі траву. Такая талака мясцовых актывістаў адбываецца штогод. Двойчы за гісторыю фэсту Дзень памяці паўстанцаў — у 2004-ым і 2012-ым гадах — яго ўдзельнікі падвяргаліся рэпрэсіям: штрафам і адміністрацыйным арыштам.

spring96.org