У цэнтры Гродна — земляныя працы без папярэдніх археалагічных раскопак
Ахоўныя зоны ў цэнтры Гродна ўсё часцей становяцца месцамі новабудаў. Офісныя і адміністрацыйныя будынкі ўзнікаюць у гістарычнай частцы гораду, нягледзячы на пратэсты навукоўцаў і грамадскасці, а шматлікія заявы аб парушэнні дзейнага заканадаўства застаюцца па-за ўвагай мясцовай улады.
На думку доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча, існуюць дзве прычыны катастрафічнай сітуацыі з захаваннем права археолагаў на ажыццяўленне адпаведных працаў:
— Па-першае, гэта звязана з сістэмай беларускага заканадаўста. Па-другое, звязана з людзьмі, якія прывыклі да такой практыкі. А практыка такая: нібы ёсць інспектар аховы помнікаў, а ён працуе ў сістэме выканаўчай улады. Арганізацыя, якая капае, таксама працуе ў сістэме выканаўчай улады. Што, начальнік не выкліча інспектара і не скажа: “А ну, падпішы дазвол, а то я цябе выганю!”
Гродна застаецца адным з тых гарадоў Беларусі, дзе на абавязковыя археалагічныя даследаванні ў час правядзення земляных працаў у гістарычным цэнтры гораду — мясцовыя ўлады не звяртаюць увагі.
У свой час станоўчым прыкладам з’яўляўся Віцебск, дзе ў аналагічных сітуацыях навукоўцы і прадстаўнікі мясцовай улады знаходзілі агульную мову.
* * *
Без папярэдніх археалагічных даследаванняў адбываюцца земляныя працы падчас рэканструкцыі будынка ў гістарычным цэнтры Гродна па вуліцы Замкавай, 21.
Замоўнікам з’яўляецца таварыства з абмежаванай адказнасцю “Пульс”, якое плануе ўзвядзенне адміністрацыйнага будынка ў месцы, дзе пачыналася гісторыя горада над Нёманам.
Нягледзячы на грамадскі рэзананс, дыскусіі на інтэрнэт-форумах і ў незалежных медыях, працы спыняцца не будуць, бо, на думку археолага Наталлі Кізюкевіч, у гэтым няма патрэбы:
— Усе дазволы былі атрыманыя — у Міністэрства культуры і ў Акадэміі Навук. Культурны слой на гэтай пляцоўцы адсочваецца. Знаходзяць фрагменты посуду 17—18-га стагоддзя, вельмі шмат матэрыялаў 20-га стагоддзя.
Археолаг Генадзь Семянчук сцвярджае, што практыка недапушчэння спецыялістаў да адмысловага даследавання культурных слаёў у Гродна ў час будаўнічых працаў — існуе амаль дзесяць гадоў:
— З 2006 года ўсе выратавальныя раскопкі праходзяць праз экспертызу альбо бярэцца дазвол менавіта ў Акадэміі Навук. Такім чынам рэгіянальныя цэнтры — кафедры археалогіі, музеі з профілем археалогіі не могуць праводзіць самастойных даследаванняў, не могуць заключаць самастойных дамоваў, атрымоўваць самастойнага фінансавання, а толькі ўсё праз Мінск. Заўсёды ёсць пагроза, што спачатку прыедзе экскаватар, а пасля мы бачым, што нешта адбываецца.
На працягу апошніх гадоў неабыякавыя гарадзенцы неаднаразова звярталіся ў пракуратуру з заявамі аб парушэннях заканадаўства пра гісторыка-культурную спадчыну ў час правядзення земляных працаў без адпаведнага дагляду. Аднак ніводзін чыноўнік за гэты час не быў прыцягнуты да адказнасці.