У Беларусі знайшлі найбуйнейшы ў Еўропе від кажана

Самы вялікі ў Еўропе від кажана — гіганцкую вячэрніцу — знайшлі ў заказніку «Стары Жадзен» Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Апошні раз гэты від адзначалі ў Беларусі ў 1930 годзе.



kazhan.jpg

Яго выявілі падчас рэалізацыі праекта Rufford Small Grants, у межах якога даследуюцца рэдкія віды леса-балотнага масіва заказніка.

Адкрыццё дае падставы меркаваць, што гіганцкая вячэрніца можа жыць і ў іншых месцах: у першую чаргу ва ўсходняй частцы Палесся, бліжэй да Чарнобыльскай зоны, паведамляе сайт «Аховы птушак Бацькаўшчыны».

Гіганцкая вячэрніца — сысун атрада рукакрылых, адносіцца да сямейства гладканосых кажаноў. Даўжыня цела — 84-104 мм, размах крылаў — 41-46 см. Харчуецца вялікімі насякомымі: жукамі, конікамі, матылькамі. Хуткасць іх палёту можа дасягаць 45 км/г і нават вышэй.

Еuroradio.fm