У Беларусі курыць больш за 24% насельніцтва ад 16 гадоў і старэй
На пачатак 2015 года доля насельніцтва, якое курыць, ва ўзросце 16 гадоў і старэй у Беларусі склала 24,4%. Прычым калі доля мужчын, якія кураць, за апошнія 15 гадоў знізілася на 7,9 працэнтнага пункта і склала 45,8%, то доля жанчын, якія кураць, вырасла ў 1,9 разу і дасягнула 9,3%.
Такія звесткі прыводзіць Белстат з нагоды Сусветнага дня без тытуню, які адзначаецца 31 мая.
Паводле звестак выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, на пачатак 2015 года большасць мужчын-курцоў (93,2%) курылі штодзённа, прычым палова з іх (53,1%) выкурвалі ў дзень
не менш чым пачак цыгарэт. Сярод жанчын паказчык тых, хто курыць штодзённа, складае 76%. З іх 21,4% выкурвалі ў дзень не менш чым пачак цыгарэт.
Паводле апошніх звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (2011 года), у большасці краін Еўропы доля дарослага насельніцтва, якое курыць штодзённа, знаходзіцца ў межах 20—30%. У Латвіі,
Літве, Польшчы і ва Украіне ўзровень распаўсюджанасці штодзённага курэння складае ад 25% да 27%. Самы нізкі ў Еўропе ўзровень распаўсюджанасці штодзённага курэння сярод дарослага насельніцтва
адзначаны ў Швецыі (11%), Ісландыі (14%), Вялікабрытаніі (14%), тады як самы высокі — у Аўстрыі (44%), Грэцыі (36%) і Расіі (34%).
Між тым, паводле звестак СААЗ, ужыванне тытуню з'яўляецца самай значнай прычынай смерці, якую можна прадухіліць, і цяпер прыводзіць да смерці кожнага дзясятага дарослага чалавека ў свеце.
Штогод ад "тытунёвай эпідэміі" ў свеце памірае каля 6 мільёнаў чалавек (больш за 600 тысяч з якіх, не з'яўляючыся курцамі, паміраюць з-за ўздзеяння другаснага тытунёвага
дыму).
Пры адсутнасці рашучых дзеянняў да 2030 года гэтая лічба вырасце да 8 мільёнаў чалавек — у сусветным маштабе гэта больш чым туберкулёз, мацярынская смяротнасць, ДТЗ, самагубствы і забойствы
разам узятыя, адзначае СААЗ.
Напярэдадні Сусветнага дня без тытуню СААЗ заклікала ўсе краіны да сумесных намаганняў у мэтах спынення незаконнага гандлю тытунёвымі вырабамі.
Што да Беларусі, то, як заявіў кіраўнік офіса СААЗ у Мінску Ягор Зайцаў на прэс-канферэнцыі 28 мая, Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікае беларускія ўлады ратыфікаваць пратакол аб ліквідацыі
незаконнага гандлю тытунёвымі вырабамі, прыняты СААЗ у лістападзе 2012 года.
Незаконны гандаль тытунём ён назваў "вельмі сур'ёзнай праблемай для еўрапейскага рэгіёну". "У свеце 10% цыгарэт прадаецца нелегальна. Гэта з'яўляецца праблемай,
таму што тытунёвыя вырабы становяцца больш даступнымі для больш уразлівых груп насельніцтва. Ёсць і дадатковыя пабочныя праблемы — развіццё крыміналу, карупцыі, зніжэнне падатковых
паступленняў", — адзначыў прадстаўнік СААЗ.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што для вырашэння праблемы нелегальнага гандлю тытунём краіны павінны разам працаваць над падатковай палітыкай, сінхранізаваць цэны на цыгарэты і ўкараняць іншыя стратэгіі,
закладзеныя ў пратаколе аб ліквідацыі незаконнага гандлю тытунёвымі вырабамі.
Нагадаем, 1 ліпеня гэтага года ў Беларусі набудуць моц папраўкі ў дэкрэт № 28 "Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў".
Новаўвядзенні забараняюць выкладку тытунёвых вырабаў у вітрынах або на іншым гандлёвым абсталяванні ў гандлёвых сетках. У стэлажах над касамі будзе размяшчацца толькі прайс з найменнямі тытунёвых
вырабаў і ўказаннем цаны. Будзе таксама забаронена імітацыя знешняга выгляду тытунёвых вырабаў і выкарыстанне іх найменняў пры вытворчасці тавараў, якія імі не з'яўляюцца.
А ў маі 2016 года набудзе моц тэхнічны рэгламент на тытунёвую прадукцыю, зацверджаны Саветам Еўразійскай эканамічнай камісіі, у адпаведнасці з якім усе вытворцы цыгарэт павінны будуць размяшчаць на
ўпакоўцы падрабязныя папярэджанні аб шкодзе тытуню. Пры гэтым будзе забаронена наносіць на ўпакоўку колькасныя паказчыкі ўтрымання смалы, нікаціну і монааксіду вугляроду, каб пакупнік не верыў у міф
аб менш і больш шкодных цыгарэтах.
Сусветны дзень без тытуню быў абвешчаны СААЗ у 1988 годзе на 42-й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя.
БелаПАН