Беларусь уваходзіць у лік краін-лідэраў па ўзроўні падлеткаў, якія паляць

Па ўзроўні падлеткаў, якія рэгулярна паляць, Беларусь сёння ўваходзіць у спіс краін-лідэраў, распавяла галоўны педыятр Міністэрства аховы здароўя Беларусі Валянціна Ваўчок.



smouke_children.jpg

Такія высновы былі зроблены па выніках сацыялагічнага апытання, які праводзіў цэнтр маніторынгу на базе РНПЦ псіхічнага здароўя. Дакладных лічбаў спецыяліст агучыць не змагла. Раней паведамлялася, што рэгулярна паляць у Беларусі больш за 65 працэнтаў студэнтаў і школьнікаў, паведамляе TUT.BY.

Мы займаем прамежкавае становішча паміж 20 і 30 пазіцыямі ў спісе. «То бок, гэта не першае-трэцяе месцы», — патлумачыла пазней спецыяліст.

З алкаголем сітуацыя таксама неадназначная. Больш за 40% апытаных падлеткаў прызналіся, што ўпершыню паспрабавалі алкаголь у сябе дома, гэта значыць у сям’і. Больш за 8% паказалі, што першы раз выпілі гарэлку ў 11-14 гадоў.

«Колькасць непаўналетніх, якія стаяць на ўліку ў нарколагаў, застаецца несуцяшальнай, — адзначыла Валянціна Ваўчок. — Для вырашэння гэтых праблем патрабуецца ўдзел усіх зацікаўленых, і асабліва — бацькоў. Штогод каля 2 тысяч дзяцей прызнаюцца дзяцьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы».