У Баранавічах ушанавалі памяць ахвяраў гітлераўскіх і сталінскіх рэпрэсій

У Баранавічах прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці 9 траўня адзначылі Дзень Перамогі ўшанаваннем памяці загінулых як у гады вайны з фашыстамі, так і ў часы сталінскіх рэпрэсій.



baran_ushnavanne_9traunia.jpg

Спачатку грамадскія актывісты ўсклалі кветкі ля помніка Журботнай маці, які ўсталяваны на Слонімскай шашы. Гісторык Віктар Сырыца распавёў прысутным, што ў гады вайны на тэрыторыі Баранавіцкай турмы было аддзяленне Леснянскага лагера ваеннапалонных “Шталаг № 337”, у якім за гады вайны загінула больш за 30 тысяч не толькі палонных салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, але і мірных грамадзян.

Затым грамадскія актывісты накіраваліся да Крыжа сталінскіх ахвяраў 1939-1953 гг. (скрыжаванне вуліц Пірагова і Смаленскай), дзе таксама ўсклалі кветкі і запалілі знічкі. Раней тут была турма “Крывое кола”, у якой былі знішчаны тысячы нявінных людзей. Таму на гэтым месцы ў 1992 годзе і быў ўсталяваны металічны Крыж — як знак памяці ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій.

Яшчэ 6 траўня мы прыбралі тэрыторыю вакол крыжа ад смецця. Праз сквер, дзе ўсталяваны Крыж сталінскіх ахвяраў, праходзіць вельмі шмат людзей, а для іншых — гэта ўлюбёнае месца адпачынку, якое хутка забруджваецца. Вось чаму мы ўзялі на сябе абавязак даглядаць памятную гістарычную мясціну ў гэтым скверы, а тэрыторыю парка прыбіраць ад смецця, — адзначыў грамадскі актывіст Віктар Сырыца.


spring96.org