У Талачыне ДАІ спыняла кіроўцаў і нагадвала пра «рэферэндум»
Пра супольную ініцыятыву ДАІ і моладзевага атраду аховы правапарадку талачынскай арганізацыі БРСМ распавёў Тэлеграм-канал «Молодёжь Витебской области».
21 лютага там быў выкладзены відэаролік з няхітрым сюжэтам:
супрацоўнікі ДАІ спыняюць машыны, маладыя людзі з БРСМ уручаюць кіроўцам
памяткі пра дату «рэферэндуму».
Кіроўцы шчасліва ўсміхаюцца на камеру. У кадр трапляюць і
іншыя ідэалагічна вывераныя дэталі: сцяжкі БРСМ, прыгожыя твары дзяўчат, якія
дэманструюць запрашэнні на «рэферэндум», і добразычлівыя супрацоўнікі ДАІ.
Падобную акцыю сябры БРСМ правялі і ў Наваполацку. Але там абышлося без удзелу ДАІ і відэаздымкаў. Маладыя людзі проста прайшліся па вуліцах ды ўручылі мінакам памяткі пра так званы «рэферэндум» 27 лютага, паведамляе наваполацкая «Новая газета».