550 подпісаў за перайменаванне Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў

«Новы час» інфармаваў ў жніўні пра збор подпісаў пад калектыўным зваротам аб ушанаванні памяці Слуцкага паўстання. Грамадскія актывісты вырашылі перадаць сабраныя подпісы ў райвыканкам.

img_6626.jpg


Кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская, аўтар кнігі пра Слуцкае паўстанне, ухваліла намер случчан ушанаваць памяць сваіх герояў.
«Тапаніміка беларускіх гарадоў — «чорная» мапа, на якой затрымаліся  ворагі беларушчыны, — лічыць  Стужынская. — Случчакі вартыя гістарычнай справядлівасці, простай чалавечай удзячнасці, якая б увасобілася ў назвах вуліц».
«Слуцкія паўстанцы незаслужана займаюць малое месца ў гістарычнай памяці, — гаворыць гісторык. — У той жа час здаровы сэнс падказвае, што якраз слуцкія героі даюць правільныя арыенціры сучаснаму грамадству, умацоўваюць нацыянальны суверэнітэт. Не трэба глыбока ўнікаць у палітыку, каб разумець, што сёння перашкоды ментальнага ўзроўню лёсавызначальныя для Беларусі».

Ніна Стужынская ў Казловіцкім доме культуры расказвае пра Слуцкае паўстанне. 5 хвілін да зачысткі  тэрыторыі міліцыяй

Ніна Стужынская ў Казловіцкім доме культуры расказвае пра Слуцкае паўстанне. 5 хвілін да зачысткі  тэрыторыі міліцыяй


Ніна Стужынская мяркуе, што зараз небяспека пашырэння «руского мира» як ніколі становіцца рэальнасцю. І абараніць ад гэтай навалы могуць менавіта Слуцкія паўстанцы на сваім прыкладзе самаахвярнасці, здаровага нацыяналізму.
«Гісторыя Слуцкага збройнага чыну — важны ўнёсак у дэсаветызацыю грамадскай свядомасці, — працягвае навукоўца. — Прыгожая рамантычная гісторыя заўсёды натхняе, садзейнічае нацыянальнай салідарнасці».
Зразумела, што ва ўмовах гуманітарнай палітыкі ўлады, якая дэманструе «прагіну» перад усходняй суседкай, гісторыя змагання за незалежнасць не ў пашане афіцыйных ідэолагаў, работнікаў культуры і адукацыі.
«У фондах музея няма арыгінальных матэрыялаў для адмысловай экспазіцыі, — паведаміла дырэктар Слуцкага краязнаўчага музея Наталля Серык. — Ёсць толькі копіі пратаколаў КДБ. Тым не менш, зараз распрацоўваецца канцэпцыя магчымай экспазіцыі».

Вуліца Камсамольская

Вуліца Камсамольская


«Слуцкі збройны чын 1920 года — гэта знакавая падзея для нашага краю, — гаворыць супрацоўнік Слуцкага краязнаўчага музея Цішкевіч Васіль. — На мой погляд, матэрыял, які распавядае пра Слуцкае паўстанне, павінен быць не толькі ў новай экспазіцыі дзяржаўнай установы «Слуцкі краязнаўчы музей», але і ў дзяржаўным гістарычным нацыянальным музеі».
Патрэбна, каб жыхары Беларусі даведаліся пра герояў Случчыны ў асобах Русака Васіля, Паўла Жаўрыда, Юркі Лістапада і іншых.