У Мінску супраць маці пяцярых дзяцей узбудзілі крымінальную справу за «заклікі да захопу ўлады»

38-гадовую Вольгу Залатар са Ждановічаў затрымалі 18 сакавіка, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа развярнулі яе машыну і суправадзілі дадому. Там прайшоў ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар, піша «Вясна».

Вольга Залатар

Вольга Залатар

У той жа вечар каля 23:00 на допыт выклікалі яе мужа Сяргея Ганкевіча, але, як высветлілася пазней, гэта была толькі фармальная падстава для выкліку Сяргея ў аддзяленне, дзе яго самога затрымалі. На наступны дзень у межах крымінальнай справы Вольгу змясцілі ў СІЗА-1, а яе мужа арыштавалі на 10 сутак за вывешаны сцяг на акне. Іх пяцёра непаўнагадовых дзяцей засталіся пад наглядам бабулі. Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэсную дзейнасць», яна была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і арганізоўвала несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: чаяванні, прагулкі, канцэрты. Толькі сёння блізкія Вольгі дазналіся, што супраць жанчыны ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 361 Крымінальнага кодэкса («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») — яна з'яўляецца падазраванай.

pyra_1.jpg

Вольга Залатар з сям'ёй

Вольга Залатар — беларускамоўная жыхарка Ждановічаў. Вольга скончыла Ліцэй БДУ і факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Вольгу называюць «маці-гераіняй», бо ў яе пяцёра непаўналетніх дзяцей: старэйшай дачцэ 17 год, малодшаму — усяго чатыры.
Жанчына была адной з назіральніц на выбарах 2020 года. Але, як і на шматлікіх іншых участках, незалежных назіральнікаў у Ждановічах сачыць за падлікам галасоў не дапусцілі.
Пасля выбараў Вольга Залатар працягнула грамадскую дзейнасць: валанцёрыла каля Акрэсціна, у судах, дапамагала людзям рознымі спосабамі. Нават цяпер на аватарцы Вольгі стаіць фотаздымак Ігара Банцэра з подпісам «Я/МЫ Ігар Банцэр», які 16 дзён трымаў сухую галадоўку і якога 19 сакавіка асудзілі за перфоманс на 1,5 года «хіміі». Але Вольга не дазналася пра прысуд музыку: за дзень да суда яе саму затрымалі.
З моманту выбараў жанчыну затрымлівалі тройчы. Першы раз Вольгу асудзілі за фота з дваравога чаявання. Паводле слоў самой Вольгі, яе нават і не было відаць на гэтым фотаздымку.
Другі раз Вольгу разам з яшчэ адной жанчынай затрымалі 28 студзеня каля мурала Паўла Латушкі: яны адмывалі фарбу з замаляванай выявы на будынку электрашчытавой. На іх склалі пратаколы па арт. 17.1 КаАП за дробнае хуліганства. Вось, што напісалі ў пратаколе ждановіцкія міліцыянты:
«Знаходзячыся на вуліцы, у грамадскім месцы, са сцяны трансфарматарнай будкі, размешчанай... у а.г. Ждановічы, дзе раней фарбай чорнага колеру быў зафарбаваны намаляваны фарбай партрэт Латушкі П. П., ажыццяўляла верхні змыў фарбы ў месцы зафарбоўвання партрэта, чым груба парушыла грамадскі парадак, выяўляючы відавочную непавагу да грамадства».
Суд па гэтай справе так і не адбыўся.
Трэці раз жанчыну затрымалі літаральна праз тры дні — 31 студзеня. У той дзень напярэдадні «Усебеларускага народнага сходу» міліцыя зладзіла «хапун» на праспекце Незалежнасці, абгрунтоўваючы гэта тым, што нібыта тыя, у каго быў пакет «Суседзі» і медыцынская маска, ладзілі пікет.

Пасля гэтага затрымання Вольгу 48 гадзін утрымлівалі ў ІЧУ на Акрэсціна. Тады па ч. 3 арт. 23.34 КаАП суддзя Маскоўскага суда Таццяна Пірожнікава пакарала яе максімальным штрафам — 50 базавых (1450 рублёў).

Везла дачку на заняткі па цымбалах, але сілавікі вярнулі яе дадому на ператрус

Вольга Залатар з сям'ёй

Вольга Залатар з сям'ёй

Вольга распавядала, што нядаўна дадому да яе прыходзіла інспекцыя па жыллёвых умовах — каля шасці чалавек, а 18 сакавіка сям'я Ганкевіча і Залатар мусіла разглядацца на прафілактычнай радзе. У гэты дзень і затрымалі жанчыну.

bc482bc4_768c_49c5_be33_fa001af2e6bf.tmp

38-гадовую Вольгу затрымалі, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу на заняткі па цымбалах — яе машыну развярнулі. Ператрус праводзілі каля дзесяці супрацоўнікаў ГУБАЗіКа пры 10-гадовай дачцэ. Менавіта ў дзіцячым пакоі потым і з'явіўся БЧБ-сцяг, за які пакаралі Сяргея Ганкевіча. Пасля ператрусу Вольгу павезлі ў мясцовае аддзяленне міліцыі, дзе сказалі, што «затрыманай займаецца КДБ». Увечары Вольгу змясцілі ў ІЧУ, а на наступны дзень перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Міліцыя: Жанчыну затрымалі «за актыўную пратэсную дзейнасць»

zalatar_home3.png

У нядзелю, 21 сакавіка, прэс-служба УУС Мінаблвыканкама ў тэлеграм-канале паведаміла, што на затрыманую 18 сакавіка 38-гадовую жыхарку аграгарадка Ждановічы завялі крымінальную справу. Пры гэтым, не ўдакладнілі,па якім менавіта артыкуле. Гаворыцца, што жанчына «арганізоўвала пратэсныя акцыі ў пасёлку».
У міліцыі заявілі, што жанчына была адміністратарам мясцовага дваровага чата і з лета мінулага года арганізатарам несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў — так званых чаяванняў, прагулак, канцэртаў.
«Неаднаразова ў Ждановіцкі аддзел міліцыі і на лінію "102" паступалі скаргі мясцовых жыхароў аб тым, што ўдзельнікі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў перашкаджаюць камфорту і адпачынку. Кожны раз, ледзь убачыўшы супрацоўнікаў міліцыі, „акцыянеры“ прыбіралі ўсю пратэсную сімволіку і распавядалі, што проста сабраліся „пагутарыць“ альбо „папіць гарбаты“, аднак пасля сыходу праваахоўнікаў у мясцовых чатах актыўна посціліся фота, дзе ўдзельнікі „п'юць гарбату“ ў атачэнні пратэснай сімволікі, якой, дарэчы, быў „упрыгожаны“ і двор мужа і жонкі, а таксама адно з вокнаў дома», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле звестак міліцыі, жанчына раней неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, але суд прымаў рашэнне аб прызначэнні пакарання, не звязанага з арыштам, таму што яна з мужам выхоўвае пяцярых дзяцей.

zalatar_home5.png


У міліцыі паведамілі, што 18 сакавіка жанчыну затрымалі «за актыўную пратэсную дзейнасць», у дачыненні да яе распачалі крымінальную справу.
«Падчас агляду ў доме выяўленая і канфіскаваная пратэсная сімволіка і носьбіты інфармацыі. За правядзенне пікетавання — вывешвання палатна з незарэгістраванай сімволікай у акне — да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты яе муж, як уладальнік дома. Дзеці ў цяперашні час знаходзяцца пад наглядам бабулі. Таксама кампетэнтнымі органамі будзе дадзена ацэнка выкананню мужам і жонкай абавязкаў па выхаванні дзяцей», — паведамілі ў міліцыі.
Сяргей Ганкевіч: Супрацоўнікі самі вывесілі сцяг на акно

zalatar_home2.png


Пра працэс над Сяргеем падрабязна распавядае тэлеграм-канал «Вясна назірае». На Сяргея Ганкевіча склалі пратакол, паводле якога ён «у 13:50 у акне прыватнага дома на агульны агляд вывесіў незарэгістраваны БЧБ-сцяг, тым самым правёў пікетаванне». Але Сяргей 18 сакавіка толькі ў 14:30 прыехаў дадому з працы, дзе да гэтага часу дома была толькі адна 10-гадовая дачка. Пра пратакол па арт. 24.23 КаАП мужчына даведаўся толькі ў РУУС, куды яго выклікалі каля 23:00 нібыта для допыту.
Справу Ганкевіча 19 сакавіка разглядала суддзя Мінскага раёна Кацярына Новікава. Суду Сяргей растлумачыў, што сцягоў дома ў іх не было, а тым больш яны не віселі на акне. Таму ён выказаў здагадку, што самі супрацоўнікі вывесілі яго, каб мець падставы для затрымання.
У пратаколе пазначана, што пікетаваў Сяргей у доме 58, вось толькі ён пражывае ў доме 56. У матэрыялах справы ёсць фотаздымкі сцяга на акне, але Ганкевіч звярнуў увагу суда, што фота зроблена з двара, а не з вуліцы. А справа ў тым, што з вуліцы вокнаў дома на першымі паверсе не відаць, таму што плот вакол дома вышынёй 2,2 метра.
На судзе дапыталі і маму Вольгі Залатар Яніну, паводле слоў якой, Сяргей катэгарычна забараняў трымаць у доме БЧБ-сцяг і казаў, што ён апалітычны, бо яму трэба карміць пяцярых дзяцей.
Рапарт складаў сведка-міліцыянт Павел Юхіменка. На судзе ён сказаў, што ўказаны ў пратаколе дом 58 — гэта толькі тэхнічная памылка.
З допыту сведкі-міліцыянта:
— Вы можаце указаць, што канкрэтна Сяргей размясціў сцяг на акне?
— Не.
— Што адбылося са сцягам, дзе ён?
— Супрацоўнікі ГУБАЗіКа забралі.
— Дазвол на фатаграфаванне ў доме давалі?
— Не.
— Сцяг з вуліцы бачны?
— Плот вышэй за мяне (2,2 метра), але я магу падскочыць, каб убачыць акно першага паверха.
У выніку, суддзя Новікава не ўлічыла памылкі ў пратаколе і асудзіла ўчора Сяргея на 10 сутак арышту.
Што за артыкул 361 Крымінальнага кодэкса?
Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі. У Беларусі па гэтым артыкуле ўзбудзілі крымінальную справу супраць сябраў Каардынацыйнай рады. Абвінавачанні па ч. 3 арт. 361 КК прад'яўлены Марыі Калеснікавай, Максіму Знаку, Іллі Салею.
Таксама Генеральная пракуратура Беларусі ініцыявала праз Інтэрпол міжнародны вышук сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Паўла Латушкі, у тым ліку на падставе ч. 3 арт. 361 (таксама ч. 1 арт. 357, ч. 1 арт. 361-1 КК).
Першапачаткова па гэтым артыкуле праходзіла 28-гадовая адміністратарка тэлеграм-канала «Водители 97%», які нядаўна прызналі экстрэмісцкім. Адразу яе прызналі падазраванай па ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, учыненыя з выкарыстаннем глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт»), але ў суд справу перадалі па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК.
Падтрымаць Вольгу лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030
Вользе Віктараўне Залатар (07.07.1983)