У Мінску павялічылася колькасць крадзяжоў

На пасяджэнні каардынацыйнай нарады пад старшынствам пракурора Мінска Сяргея Хмарука разгледзелі прычыны частых крадзяжоў.

advokat-smirnov.ru

advokat-smirnov.ru

У 2019 годзе адзначаны рост колькасці крадзяжоў у Мінску ў цэлым і асобна ў кожным раёне сталіцы, паведамляе ej.by са спасылкай на прэс-службу Генеральнай пракуратуры. Так, за 6 месяцаў 2019 года зарэгістравана 3 286 крымінальных спраў, узбуджаных па заявах і паведамленнях аб крадзяжах (за 8 месяцаў 2019 года — 4 599). У першым паўгоддзі 2019 года ў органы ўнутраных спраў паступіла 6 575 заяў і паведамленняў пра крадзяжы.
Прычыны крадзяжоў: нізкая агульная і прававая культура, грэбаванне маральнымі нормамі, алкагалізм і наркаманія, фінансавыя праблемы, незанятасць насельніцтва, нежаданне весці законапаслухмяны лад жыцця, асабістая няўважлівасць і бестурботнасць уласнікаў маёмасці, нядбалае стаўленне да яе захаванасці.
Адна з умоў, якія спрыяюць крадзяжам, — недастатковая, а часам і фармальная праца суб'ектаў прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў.
Ва ўсіх раёнах Мінска пракуроры выявілі парушэнні заканадаўства пры вядзенні спраў прафілактычнага ўліку, у тым ліку ў дачыненні да асоб, схільных да правапарушэнняў і тых, што злоўжываюць спіртнымі напоямі.
Адзначаецца, што органы ўнутраных спраў не ў поўнай меры выкарысталі паўнамоцтвы, накіраваныя на прафілактыку правапарушэнняў і ізаляцыю хранічных алкаголікаў ва ўмовах лячэбна-працоўных прафілакторыяў з абавязковым прыцягненнем іх да працы.
Як паказалі пракурорскія праверкі, у працы органаў дазнання ёсць недахопы па лініі прыёму, рэгістрацыі, уліку і разгляду заяў і паведамленняў пра крадзяжы.