У Мінску аднавіўся працэс над Аксанай Колб. Прысуд — у 14.30
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска ў 12.30 аднавіўся разгляд крымінальнай справы палітзняволенай рэдактаркі «Новага Часу» Аксаны Колб.
Аксана Колб адмовілася ад апошняга слова. Прысуд агучаць у 14.30.
Судзіць Аксану Колб пачалі 7 чэрвеня. Ёй ставіцца ў віну ўдзел у маршы пратэсту 16 жніўня 2020 года. Рэдактарка «Новага Часу» віну прызнала.
Асноўны доказ абвінавачання — фатаграфія Аксаны з вялізным бел-чырвона-белым сцягам, што было на праспекце.
Апроч таго разглядаўся пазоў Мінсктрансу на суму 5980 рублёў 11 капеек. Гэты пазоў выстаўляецца ўсім удзельнікам Маршу Свабоды 16 жніўня, і гэтая сума ўжо даўно аплачаная ў часе іншых судоў.
7 чэрвеня на суд не пусцілі прадстаўнікоў амбасадаў Швецыі, Чэхіі і Германіі, яны вымушаны былі з'ехаць.
У ходзе спрэчак бакоў пракурор зачытаў абвінаваўчае заключэнне і запатрабаваў для Аксаны Колб 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія з накіраваннем»). Пасля гэтага ў судзе быў абвешчаны перапынак да 15 чэрвеня.