Фотафакт: У Кобрыне знесены помнік Аляксандру Сувораву
У цэнтры горада Кобрын (Берасцейская вобласць) разбураны бюст расійскага фельдмаршала Аляксандра Суворава, які ўзначальваў падаўленне нацыянальна-вызвольнага паўстання 1794 году пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.
Як распавёў НЧ сябра незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, жыхар Кобрына Віктар Гарбачэўскі, раніцай 17 верасня каля 11.00 грузавік-лядоўня з Берасцейскага мясакамбіната, які кіраваўся ў бок бліжэйшай кавярні “Дзіскавэры”, здаў назад і зваліў бронзавы бюст разам з пастаментам з паліраванага граніту. «Аднак калі праз дзве гадзіны мы з дачкой наведалі гэтае месца, пра былы помнік ужо нічога не нагадвала, бо па загаду ўладаў усе сляды ад руйнавання былі прыбраныя», — сказаў Віктар Гарбачэўскі.
Ён назваў разбурэнне бюста ката беларускага народа «прарочым знакам», бо грузавік не даехаў усяго толькі 20 метраў да помніка Уладзімеру Леніну. «Аднак Ленінапад у Беларусі пачынаецца з Суворавападу», — зазначыў грамадскі актывіст.
Нагадаем, што бюст ката беларускага народа быў усталяваны ў 1950 годзе перад Кобрынскім ваенна-гістарычным музеям імя Аляксандра Васільевіча Суворава, які месціцца ў будынку, дзе ў 1797 і 1800 гадах пражываў гэты расейскі фельдмаршал, якому за адданую службу імператрыца Кацярына II падаравала маёнтак “Кобрынская крыніца”.
А так бюст выглядаў да разбурэння