«У яе ў мозгу расце пухліна, пастаянна баліць галава». Як пакутуе за кратамі экс-журналістка БТ Ксенія Луцкіна

Кожны дзень у СІЗА экс-журналістка БТ Ксенія Луцкіна ходзіць у санчастку, дзе ёй колюць абязбольвальнае, паведамляе блог «Отражение». «У яе ў мозгу расце пухліна, з-за гэтага пастаянна баліць галава, — распавядае яе бацька Алег. — Здароўе дачкі ўсё пагаршаецца. З адвакатам яны пішуць ва ўсе інстанцыі, просяць, каб Ксеніі змянілі ўмовы ўтрымання, але ў адказ атрымліваюць толькі адмовы».

df4cad556067357b6cd16.jpg

У СІЗА на Валадарскага Ксенія Луцкіна знаходзіцца ўжо дзявяты месяц. Кожную сераду да яе ходзіць абаронца.

— Галаўныя болі не праходзяць, але яна трымаецца бадзёра. На шчасце, бранхіяльная астма, што абвастрылася ў яе з-за холаду і вільгаці ў камеры, слабее, — расказвае апошнія навіны пра дачку бацька. — Значыць, лекі, якія я перадаў, дапамаглі.

Алег — чалавек нешматслоўны. Яго клопат пра дачку больш выяўляецца ў дзеяннях, чым у словах. Кожны панядзелак тата носіць на Валадарскага медыцынскую перадачу і раз на тыдзень абавязкова адпраўляе туды ліст. Карэспандэнцыя, прызнаецца, прарываецца з перабоямі: то нічога, то вось нядаўна прыляцела адразу пяць канвертаў.

— «Аб сабе пісаць няма чаго. [ ... ] Бясконца хачу дадому, — зачытвае Алег вытрымку аднаго з апошніх паведамленняў ад Ксеніі. — Сышлі ўсе дурныя жаночыя страхі. Паплакала, не дапамагло. [Але я] верыла, — і ўсё роўна веру [што хутка апынуся на волі]».

У няволі Ксенія апынулася ў снежні 2020-га. Яе затрымалі ў сувязі са «справай "Прэс-клуба"» і абвінавацілі ў саўдзеле ў нявыплаце падаткаў. Пазней гэту справу закрылі. У Ксеніі цяпер новы артыкул. Падрабязнасцяў адвакат журналісткі не паведамляе: абаронца пад падпіскай.

— Новае абвінавачанне дачка ўспрыняла вельмі цяжка. Пісала: «Думала [ужо] выйду, нават рэчы сабрала, але цуду не адбылося», — цытуе Ксенію бацька і зноў пераходзіць да сітуацыі з яе здароўем. — У 2012-м ёй зрабілі аперацыю — выдалілі адну з дзвюх пухлін, што выявілі ў галаўным мозгу. Другую, каб не закрануць жыццёва важныя органы, не чапалі.

Пасля гэтага раз у год журналістка абавязкова рабіла МРТ, хадзіла на кансультацыі да нейрахірурга і неўролага. Да затрымання сітуацыя была стабільнай. У траўні і ліпені, калі Ксенію вазілі на тамаграфію ўжо з СІЗА, даследаванне паказала: пухліна пачала павялічвацца. Хутчэй за ўсё, мяркуе бацька, гэта з-за стрэсу і ўмоў утрымання. Да журналісткі запрашалі нейрахірурга. Якім было яго заключэнне, Алег не ведае.

— Да 1 верасня ёй на тыдзень прапісалі пасцельны рэжым: днём дазвалялі ляжаць, — тлумачыць тонкасці ўтрымання ў ізалятары Алег. — Яна пісала, што вельмі хацела выспацца, але як у камеры з ёй яшчэ дзевяць чалавек, зрабіць гэта аказалася немагчыма.

d1aa2cc15a6ae61085261.jpg

«Дачка даслала SOS, затым патэлефанаваў унук, кажа: "У дзверы стукаюць нейкія дзядзькі"»

Да жніўня 2020-га Ксенія 15 гадоў працавала ў Белтэлерадыёкампаніі. Трапіла, кажа тата, яна сюды выпадкова. Пасля гістфаку БДУ яны з таварышам вырашылі развівацца як кінадакументалісты і падалі дакументы на тэлебачанне. У выніку дзяўчына прайшла на БТ, а малады чалавек — на АНТ.

У 2018-м у эфіры «Добрай раніцы, Беларусь!» Ксенія распавядала аб сваім новым дакументальным фільме. Па словах бацькі, былыя калегі з ТБ падтрымліваюць журналістку. Пішуць ёй і раз у месяц носяць перадачу.

— Яна ў нас гісторык да мозгу касцей. Асабліва яе захапляла 20-е стагоддзе. За час працы яна зняла больш за 20 фільмаў. Самы першы з іх — «Гісторыя аднаго горада» — быў пра Мінск. Я хадзіў у Дом кіно на яго прэзентацыю і вельмі ганарыўся (і цяпер ганаруся) дачкой, — не хавае эмоцый Алег. — Ксенія здымала і пра вайну, і пра Чарнобыль. За тры гады яны з камандай аб'ехалі ўсю краіну і падрыхтавалі каля 140 серый «Terra incognita. Беларусь невядомая», дзе распавядалі пра нязведаныя месцы.

Пасля выбараў Ксенія сышла з тэлебачання. Казаць пра гэта Алег адмаўляецца: баіцца нашкодзіць. З напісанага аб журналістцы раней вядома, што пасля звальнення яна далучылася да асноўнага складу Каардынацыйнай рады, а таксама была звязана з праектам «Альтэрнатыўнага тэлебачання» на YouTube, да якога была датычная Акадэмія «Прэс-клуба».

— Затрымалі яе 22 снежня ў банку. Яна даслала сігнал SOS. Затым мне патэлефанаваў Мацвей (сын Ксеніі) кажа, у дзверы стукаюць нейкія дзядзькі. Я сказаў пакуль не адчыняць, — вяртаецца ў той дзень Алег. — Затым набраў сына і папрасіў збегаць да ўнука. Калі Раман быў на месцы, Ксенію ўжо прывезлі. З ёй знаходзілася восем чалавек. Агляд пачалі на вачах ва ўнука. Рома спытаў, ці можна вывесці дзіця з кватэры. Дазволілі.

Мацвею 11 гадоў, ён цяжэй за ўсіх перажывае растанне з мамай. «За што яе арыштавалі?» — вельмі часта пытаецца ён дзядулю. Дзеду адказаць няма чаго.

— У нас у сям'і адзначаюць і праваслаўныя, і каталіцкія Каляды. Ксенія каталічка, таму 25 снежня мы планавалі сабрацца ў яе. Дачка загадзя паставіла і прыбрала елку, — вяртаецца да тых падзей суразмоўца. — Гэтая прыбраная ёлка стаіць у кватэры да гэтага часу. Мацвей забараніў яе чапаць. Сказаў, прыбярэм, калі мама вернецца.

«Тройчы пісалі з просьбай аб спатканні, але "ў інтарэсах следства" мне адмоўлена»

23 жніўня было восем месяцаў з тых часоў, як Ксенія Луцкіна знаходзіцца за кратамі. У гэты дзень з СІЗА выпусцілі ўсіх супрацоўнікаў «Прэс-клуба» — яны напісалі прашэнне аб памілаванні і кампенсавалі шкоду. Алег, як і іх родныя, у той вечар быў на Валадарскага. Спадзяваўся абняць дачку.

— Я разумеў: яе не выпусцяць, але працягваў верыць. Ні да каго з блізкіх «Прэс-клуба» я не падыходзіў. Проста чакаў у баку, — апісвае той вечар суразмоўца. — Увесь гэты час мне тэлефанаваў Мацвей, пытаўся: «Дзе мама? Дзе мама?». А я не ведаў, што яму адказаць.

Па словах Алега, Ксеніі двойчы прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні.

— Але за што ёй прасіць прабачэння? Ні да «Прэс-клубу», ні да нявыплаты падаткаў яна не мела ніякага дачынення, — працягвае бацька, затым бярэ адзін з лістоў дачкі, зачытвае. — «Я гатовая зрабіць усё, каб уз'яднацца з сям'ёй. Душа разарваная на тысячы кавалкаў. З 1 ліпеня я перажыла пекла, абсалютнае, унутранае. Але спрабую неяк склейваць [душу] паціху».

— А што здарылася 1 ліпеня?

— Сталі прыходзіць з нагоды прашэнняў. Казалі, або ўсім — ёй і супрацоўнікам «Прэс-клуба» напісаць, або нікому. З гэтай нагоды ў дачкі былі доўгія дэбаты з адвакатам, — кажа бацька. — Ксенія не адразу даведалася, што супрацоўнікі «Прэс-клуба» ўсё ж вырашылі напісаць прашэнні. Ёй пра гэта распавяла Юлія Слуцкая, калі яны перасекліся ў санчастцы. Яны тады пасварыліся.

Крыху пазней пра 23 жніўня Ксенія напісала бацьку так: «Сэрца разрываецца, што я ўсё яшчэ не магу абняць свайго сына. Але вельмі радая, што хоць хтосьці адсюль выйшаў».

— А пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА яна што-небудзь піша?

— Распавядае, што шмат чытае, і што мясцовую ежу есці немагчыма, таму мы перадаем ёй гародніну, каўбасу, аліўкавы алей.

— Вы абмяркоўвалі з адвакатам, ці можна з-за сур'ёзных праблем са здароўем неяк палепшыць умовы ўтрымання Ксеніі?

— Яны з адвакатам пішуць ва ўсе інстанцыі, але пакуль нічога. Дачку павінен агледзець неўролаг. Можа, пасля яго візіту нешта зменіцца.

— А вы самі як трымаецеся ўвесь гэты час?

— Нармальна, — чуваць, што бацька плача. — Самае вялікае жаданне за гэты год, хоць бы ўбачыць дачку. Тройчы мы пісалі следчаму з просьбай аб спатканні, але «ў інтарэсах следства» мне адмоўлена.