У Гродне збіраюць подпісы за ўсталяванне шыльды ў гонар БНР

Гродзенскія актывісты з пачатку сакавіка пачалі збор подпісаў за ўстаноўку ў Гродне мемарыяльнай табліцы ў гонар Беларускай Народнай Рэспублікі. Шыльда можа з’явіцца на камяніцы па вуліцы Савецкай, 23. Гэты будынак мае непасрэднае дачыненне да гісторыі БНР.

1_20_1.jpg


У справе выбару будынка актывісты звярталіся па дапамогу да гродзенскага гісторыка Андрэя Чарнякевіча. На Савецкай, 23 вясной 1919 г. працаваў Беларускі нацыянальны камітэт, Беларуская павятовая рада, Цэнтральная беларуская рада Гродзеншчыны, клуб «Беларуская хатка», Грамада беларускай моладзі, курсы беларускай мовы, адбываліся беларускія вечарыны, працавала рэдакцыя газеты «Беларусь». У сакавіку 1919 года ў гэтым будынку праходзілі пасяджэнні Рады міністраў БНР.
«У гэтым годзе 25 сакавіка беларусы будуць адзначаць 100-годдзе БНР, — распавядае гродзенскі актывіст Анатоль Мышкевіч. Гэта вельмі вялікая дата для гісторыі Беларусі і для Гродна ў прыватнасці. Наш горад лічыўся другой сталіцай БНР. Вельмі хочацца адзначыць 100-я ўгодкі БНР памятнай табліцай».
Анатоль адзначае, што Гродна апошнім часам наведвае шмат турыстаў і новая шыльда на будынку ў цэнтры горада будзе толькі плюсам. Яна пакажа, што ў горадзе ва ўсе часы адбывалася шмат гістарычна важных падзей для Беларусі. Табліца будзе важнай і для саміх гродзенцаў.
«Я ўпэўнены, што гарадскія ўлады падтрымаюць гэтую ідэю, бо яны самі робяць вельмі шмат, каб зрабіць Гродна прывабным для замежных турыстаў».
У Мінску гарадскія ўлады далі дазвол на ўстаноўку шыльды ў гонар БНР. У Гродне пакуль за шыльду падпісалася больш за 150 чалавек. Каб паставіць свой подпіс, трэба звязацца з Анатолем Мышкевічам па тэл. +375 33 6 537 068.

2_13_1.jpg


ДаведкаНезалежнасць БНР была абвешчана ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года. Калі перад наступленнем германскіх войскаў бальшавікі пакінулі Мінск, дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны. 21 лютага 1918 года выканкам Рады сфармаваў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.Урад БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынята пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, рыхтавалася адкрыццё ў Мінску Беларускага ўніверсітэта. З’явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, узаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.
Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна апынулася неабароненай перад расійскімі бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым — у Гродна. 1 студзеня 1919 года бальшавікі абвясцілі ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ў 1922 годзе ўвайшла ў склад СССР.
hrodna.life