У Брэсце асудзілі яшчэ 11 чалавек па «карагоднай» справе

У сераду суд у Брэсце абвясціў вырак чарговай партыі фігурантаў «карагоднай» справы. Гэтым разам 11 чалавек асудзілі на розныя тэрміны абмежавання волі, паведамляюць праваабаронцы.

brest_khorovod_sud_2021_1.jpg


Усім 11-ці было выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 за ўдзел у акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года, калі берасцейцы пад музыку вадзілі карагод на адным з гарадскіх скрыжаванняў, пакуль іх не разагналі вадамётам.

Суддзя Людміла Рубашэўская вынесла прысуды, якія запытвала пракурор Алена Шарко:

Віталь Брыцько і Людміла Карабанюк атрымалі па 3 гады «хіміі», гэта значыць абмежаванні свабоды з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Карабанюк пакаранне прызначанае ў тым ліку паводле арт. 369 КК за абразу ў Інтэрнэце генерал-маёра Вадзіма Дзенісенка, які аддаў загад задзейнічаць вайскоўцаў пры падаўленні пратэстаў у Брэсце ў жніўні 2020 года. Адзін з вайскоўцаў тады забіў Генадзя Шутава;

Дзмітрый Шамшура і Юрый Клімовец атрымалі 3 гады «хатняй хіміі», то значыць без накіравання ў выпраўленчую ўстанову;

Кацярына Ерамеева, Ірына Кузьмянчук, Юлія Леванюк, Ларыса Яхімовіч, Дзмітрый Неўмяржыцкі асуджаныя на 2 гады «хатняй хіміі»;

Па 3 гады «хатняй хіміі» атрымалі Ігар Ляшкевіч і Дыяна Вашчыліна, якія са снежня знаходзіліся ў СІЗА і былі прызнаныя палітвязнямі. Іх выпусцілі ў зале суда.

«Карагодная справа» — самы маштабны палітычны працэс у сучаснай Беларусі. Па ёй асуджана ўжо 127 чалавек, адзначаюць праваабаронцы.