У Бранскай вобласці РФ узарвалі чыгунку. З рэек сышоў цягнік, які мог належыць Беларусі
У Бранскай вобласці ўзарваны чыгуначныя шляхі. Сышоў з рэек грузавы цягнік з нафтапрадуктамі, пачаўся пажар.
Ва Унецкім раёне Бранскай вобласці на чыгуначных шляхах спрацавала выбуховае прыстасаванне.
Пра гэта паведаміў губернатар Аляксандр Багамаз. Ён напісаў у тэлеграме, што выбух адбыўся на 136-м кіламетры ўчастка Бранск — Унеча.
Па словах Багамаза, з рэек сышоў лакаматыў грузавога цягніка. Людзі не пацярпелі, рух на гэтым участку дарогі часова спынены: «Ва Унецкім раёне на 136-м км чыгуначных шляхоў Бранск — Унеча спрацавала неўстаноўленая выбуховая прылада, у выніку чаго сышоў з рэек лакаматыў грузавога саставу», — напісаў Багамаз.
«Baza», у сваю чаргу, паведамляе, што з рэек сышоў не толькі лакаматыў, але сем-восем вагонаў з 60-ці грузавога саставу, які перавозіў нафтапрадукты і піламатэрыялы. Таксама, паводле звестак «Baza», у грузавым саставе пачаўся пажар.
Пазней Багамаз таксама пацвердзіў, што адным цеплавозам справа не абмежавалася:
«У выніку здарэння з рэек сышлі два лакаматывы і сем вагонаў. Астатнія вагоны ўдалося адагнаць на бяспечную адлегласць. Пацярпелых няма. Дзякуючы зладжаным і кваліфікаваным дзеянням ратавальнікаў пажар цалкам лакалізаваны. На месцы працягваюць працаваць аварыйна-аднаўленчыя брыгады РЖД і аператыўныя службы».
Верагодна, цеплавоз, які сышоў з рэек з-за падрыву, належаў Беларускай чыгунцы. Прынамсі, на цягніку бачна сімволіка БЧ, а афарбоўка тыповая для беларускіх цеплавозаў. Выданне «Н*ша Ніва», са спасылкай на інфармацыю, што атрымала ад чыгуначнікаў, паведаміла, што цягнік сапраўды прыпісаны да БЧ.
Расійскія спецслужбы пасля пачатку вайны неаднаразова абвяшчалі пра затрыманні падазраваных у падрыхтоўцы дыверсій на чыгунках. У паведамленнях ФСБ рэгулярна фігуруюць нейкія «ўкраінскія куратары», па заданні якіх падазраваныя нібыта рыхтавалі выбухі на чыгунках. У сярэдзіне красавіка «Медыязона» падлічыла, што па справах аб дыверсіях на чыгунках у Расіі затрымалі больш за 65 чалавек, кожны трэці з іх — непаўнагадовы, паведамляе «Медуза».
Колькі дыверсій адбываецца на чыгунках, пакуль не вельмі зразумела, але маштабы рэйкавага партызанства, відаць, немалыя. Так, напрыклад, у першыя дні новага года — у ноч на 4 студзеня — расійскія рэйкавыя партызаны спынілі рух цягнікоў і ваенных эшалонаў каля расійскага Краснаярска. Але адметна, што тады Галоўнае ўпраўленне ўкраінскай выведкі адзначала: «У новым 2023 годзе гэта ўжо, па меншай меры, шосты выпадак знішчэння блокаў сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіроўкі на чыгунцы ў розных рэгіёнах Расіі, што прыводзіць да парушэнняў у графіках руху ваенных эшалонаў».
Зрэшты, у Беларусі паліць рэлейныя шафы «рэйкавыя партызаны» пачалі адразу ж, як было абвешчана пра пачатак вайны ва Украіне і праз нашу тэрыторыю пашлі расійскія цягнікі, што перавозілі расійскую ваенную тэхніку.
У Беларусі ж злоўленым рэйкавым партызанам выносяць прысуды з аграмаднымі тэрмінамі зняволення. Так, трох жыхароў Светлагорска нядаўна асудзілі да больш чым 20 гадоў калоніі кожнага: Дзмітрыя Равіча — да 22 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Дзяніса Дзікуна — да 23 гадоў, Алега Малчанава — да 21 года. «Партызанаў» абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіравання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі «Жэрдзь — Астанкавічы» 28 лютага, на чацвёрты дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таксама палітвязняў аштрафавалі на 150 базавых велічынь кожнага (4800 рублёў), а ўсе каштоўныя рэчы, вынятыя падчас ператрусаў у іх дома, канфіскавалі.
На такі сталінскі прысуд нават адгукнуўся дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч: «Як чалавек, на якога крымінальную справу ў Беларусі завялі, я перадаю гарачае прывітанне гэтым людзям. І калі ўсё гэта скончыцца, а скончыцца яно нашмат хутчэй, чым падаецца тым, хто іх пасадзіў, і калі мы будзем саджаць тых, хто іх пасадзіў, я асабіста пастараюся прыехаць у Беларусь і паціснуць кожнаму з гэтых людзей руку».