Парушальнікаў дысцыпліны ў расійскім войску саджаюць у выкапаныя ў зямлі ямы
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, паводле даных выведкі, сцвярджае, што ў апошні час расійскія камандзіры ва Украіне пачалі караць вайскоўцаў так, як гэта было падчас войнаў у Чачні.
Па сцвярджэнні выведкі, у зінданы, у прыватнасці, трапляюць за ўжыванне алкаголю і спробу скасавання кантракту.
Як адзначаецца ў зводцы, у першыя месяцы поўнамаштабнай вайны ваеннаслужачых, якія правініліся, каралі больш мякка, а тым, хто адмаўляўся працягваць службу, дазвалялі спакойна вярнуцца дадому.
Аднак з восені ў войску пачалі ўводзіцца «ўсё больш драконаўскія меры» па падтрыманні дысцыпліны.
Як сцвярджае мінабароны Вялікабрытаніі, гэта тэндэнцыя ўзмацнілася пасля прызначэння кіраўніком расійскай групоўкі ва Украіне начальніка Генштаба Валерыя Герасімава.
Зінданы атрымалі шырокае распаўсюджанне падчас войнаў у Чачні, дзе іх выкарыстоўвалі і федэральныя войскі, і сепаратысты. Таксама баевікі трымалі ў іх заложнікаў.
Цікава, што такая практыка адзначаецца таксама і ў Беларусі.
Вядомы выпадак з 2019 года, калі падчас вучэнняў на палігоне пад Слонімам два старшыя лейтэнанты здзекаваліся з салдата.
У час вучэнняў жаўнер «зэканоміў» 27 патронаў да аўтамата Калашнікава, каб потым пастраляць у адзіноце. Старшыя лейтэнанты 3-яй мотастралковай роты в / ч 14398 з пасёлка Заслонава Лепельскага раёна расцанілі гэта як крадзеж боепрыпасаў і адправілі радавога тэрміновай службы ў халодную яму, дзе двое сутак з яго здзекаваліся.
Следства ішло амаль год. А суд Лепельскага раёна, які разглядаў крымінальную справу ў дачыненні да двух афіцэраў на падставе часткі 2 артыкула 455 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады»), 22 траўня 2019 года прысудзіў лейтэнантаў да абмежавання па ваеннай службе тэрмінам на 2 гады з утрыманнем 25% грашовага забеспячэння ў даход дзяржавы і без пазбаўлення права займаць камандзірскія пасады.
У пракуратуры вынеслі касацыйны пратэст. 28 мая 2019 года справу перагледзела судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда, якая змяніла прысуд. Станіславу Варанкову прызначылі 4 гады, а Андрэю Мацялёнку — 3 гады і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абодвум — з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых мерапрыемстваў тэрмінам на 5 гадоў і з пазбаўленнем воінскага звання «старшы лейтэнант».
Рашэнне калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда было абскарджана. Пры гэтым аргументацыя афіцэраў даволі цікавая.
— Прашу зразумець мяне правільна: калі б не было скрадзеных патронаў, то не было б і злачынства з нашага боку, — напісаў у сваёй касацыйнай скарзе адзін са старшых лейтэнантаў. — У сітуацыі, якая здарылася, неабходна было салдата ізаляваць, а ніякіх іншых памяшканняў на палігоне няма. Мы і самі пастаянна жывём у час актыўных фаз вучэнняў у акопах, у зямлянках, буданах, якія, як ні круці, з'яўляюцца звычайнай ямай як у лесе, так у полі і балоце, пад адкрытым небам, і ніхто ж не задаецца пытаннем, што можа быць гэта таксама «асаблівая жорсткасць» і «здзек» у адносінах да ваеннаслужачых усіх катэгорый і званняў. Нават сам прызыў на тэрміновую ваенную службу можна расцэньваць як факт нейкага псіхалагічнага гвалту і стварэння ўмоў асаблівай жорсткасці і здзекаў над прызыўніком: нежаданне многіх ісці ў войска — гэта агульнавядомы факт, бо паўтара года ніхто не хоча марнаваць, гэты час многія б патрацілі з мэтай заробку грошай і дасягнення іншых асабістых інтарэсаў, а абмежаванне яго ў свабодзе і правах, гвалтоўнае адлучэнне ад родных і блізкіх з'яўляецца прымусам да занятку тым, чым яму абсалютна не хочацца займацца.
Фінальную кропку ў крымінальнай справе пра салдата, двух старлеяў і халодны зіндан давядзецца ставіць Вярхоўнаму суду Беларусі.