У Беларусі рыхтуюць пяць справаў на грамадзян, якія ваююць на Данбасе
Беларуская міліцыя сабрала дакументы па пяці справах на беларусаў, якія ваююць на Данбасе і маюць намер бліжэйшым часам вярнуцца на радзіму. Тут ім пагражае крымінальная адказнасць за наёмніцтва.
Пра гэта ў інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня" паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС палкоўнік Мікалай Карпянкоў.
Згодна з беларускім заканадаўствам, грамадзяне, якія прымаюць удзел у баях за мяжой краіны, лічацца наёмнікамі — незалежна ад таго, ваююць яны за грошы ці з ідэалагічных меркаванняў.
Цяпер МУС правярае на дачыненне да найміцтва 734 беларускіх грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Па словах Карпянкова, з іх ужо выяўленыя 188 чалавек, якія прымалі ўдзел у баях на тэрыторыі Украіны.
У 2017 годзе былі пачатыя 10 крымінальных спраў за наёмніцтва, да крымінальнай адказнасці прыцягнутыя сем беларусаў. Таксама міліцыя выявіла 22 грамадзян Украіны, Расіі, Таджыкістана, якія пражывалі ў нашай краіне і таксама адзначыліся ў Данбасе (адзін загінуў).
"Сабрана пяць матэрыялаў даследчых праверак у дачыненні да наймітаў-беларусаў, якія маюць намер у бліжэйшы час вярнуцца на радзіму — для наступнага іх прыцягнення да крымінальнай адказнасці. На кантроль перасячэння дзяржмяжы пастаўленыя 90 невярнуўшыхся наёмнікаў", — паведаміў кіраўнік ГУБАЗіК.
Карпянкоў заявіў, што каля 40 чалавек, якія ваявалі на баку разнастайных украінскіх фарміраванняў, застаюцца за мяжой. А ў Беларусі на іх пачалі крымінальныя справы за злачынствы, учыненыя раней (хуліганства, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, махлярства, крадзяжы і г.д).